Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разгаліно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разгалінаваць.

разгаліня́цца, ‑яецца.

Незак. да разгалініцца.

разга́лісты, ‑ая, ‑ае.

З шырока раскінутымі галінамі, голлем. Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла, высокая, разгалістая, з буславым гняздом на самай вяршыні. Лынькоў. Ціха, асцярожна пашумліваў разгалісты дуб над Платонавай галавой. Пестрак.

разгамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.

Разм.

1. Тое, што і разгаварыцца. Слова за словам і мы разгаманіліся, як даўнія знаёмыя. Нядзведскі. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. Зарэцкі.

2. Гаворачы, падняць шум. — А цяпер крычы, Грыша, мацней, каб маці пачула, — загадаў яму Дзіма. — Чуеш, як твае сваякі разгаманіліся. Якімовіч.

разгамо́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разгаманіцца.

разганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да разагнацца.

2. Зал. да разганяць.

разганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да разагнаць.

разга́р, ‑у, м.

1. Пара самага высокага развіцця, самага моцнага праяўлення чаго‑н.; момант найвышэйшага напружання чаго‑н. Вясна ў разгары. Ціха і цёпла. Гаўрылкін. Вяселле было ў самым разгары, калі Фёдар Цімафеевіч раптам падняўся з-за стала і сказаў: — Вы тут, дарагія госцейкі, гуляйце, гуляйце, весяліцеся, а я пайду.. Васілёнак. — Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення. Карпюк.

2. Спец. Акісленне ўнутранай паверхні ствала гарматы ад прарыву парахавых газаў.

разгарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.

1. Аддзяліцца адзін ад другога якой‑н. перагародкай. Разгарадзіцца з суседам парканам.

2. Разм. Разбурыцца, знішчыцца, ліквідаваць (пра загароды, перагародкі). Вось разгарадзіцца граніца, Бо панскі лад, вер, не даўгі. Колас.

3. Разм. Абнесці загародай вялікую плошчу.

разгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

1. Раздзяліць якой‑н. перагародкай, загародай; перагарадзіць. Разгарадзіць хату на дзве палавіны.

2. Разбурыць, разабраць тое, чым перагароджана, загароджана што‑н. Разгарадзіў .. [Сомік] верхнюю засаўку, каб лягчэй было свінні пераскочыць. Крапіва. // Зняўшы перагародку ліквідаваць надзел чаго‑н. — Трэба скінуць панскія загарадкі з зямлі, разгарадзіць яе. Галавач.