тычы́на, ‑ы, ж.
Вялікая палка; шост. Быў смешны дзядзька той часінай З пустою лыжкаю, з тычынай, Якою трэскі ён варонай. А тут Алесь як зарагоча! Колас.
тычы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Спец. Мужчынскі орган размнажэння ў кветкавых раслінах, у якім утвараецца пылок.
2. Памянш.-ласк. да тычына.
тычы́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тычынкі (у 1 знач.).
ты́чыцца, ‑чыцца; незак., каго-чаго.
Мець адносіны, дачыненне да каго‑, чаго‑н. Гэта мяне не тычыцца. Гэта не тычыцца справы. □ Іра, нібы перапынак яе і не тычыўся, па-ранейшаму сядзела, падпёршы галаву далонню. Марціновіч. Шыковіч ішоў, збіраючыся перадаць расказ Яраша, асабліва тую частку, што тычылася Савіча. Сказаць, што жывая дачка доктара. Шамякін.
ты́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.
Разм. Пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды‑н. Няхутка задрамаў... Чую, што нехта пад коўдру тышчыцца. Мыслівец. То перад вачыма, то тамака вунь, уводдалі — тышчылася вясенняе зяленіва, лезла напралом. Баранавых.
тыяко́л, ‑у, м.
1. Лекавы прэпарат у выглядзе белага або ружовага парашку, які выкарыстоўваецца як адхарквальны сродак.
2. Від сінтэтычнага каўчуку.
[Ад грэч. theion — сера.]
тыя́ра, ‑ы, ж.
1. Галаўны ўбор старажытных усходніх цароў, жрацоў. Тыяра егіпецкіх фараонаў.
2. Галаўны ўбор рымскага папы.
[Грэч. tiara.]
тыясе́рны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: тыясерная кіслата — хімічнае злучэнне, у якім атам кіслароду замешчаны атамам серы.
тыясульфа́ты, ‑аў; адз. тыясульфат, ‑у, М ‑фаце, м.
Солі тыясернай кіслаты. Тыясульфат натрыю.