Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

тыпо́метр, ‑а, м.

Прыбор для вызначэння памеру друкарскіх літар.

[Ад грэч. typos — адбітак, форма і metreō — вымяраю.]

ты́пус, ‑а, м.

Разм. зневаж. Тое, што і тып (у 7 знач.). [Лабановіч] падумаў аб а. Мікалаю: «Што гэта яшчэ за тыпус такі? І прыйдзецца ж да яго зайсці гэтымі днямі». Колас. [Максім:] — Толькі мне штось не зразумела, чаго дабіваецца ад мяне гэты тыпус? Машара.

ты́пчык, ‑а, м.

Разм. пагард. Тып (у 7 знач.). Перада мною стаяў не страшна запушчаны Іван Дулька, а зусім мала на яго падобны чысценькі, прылізаны, як бы памазаны алеем, прыгладжаны тыпчык. Кірэенка.

тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.

[Фр. tirade.]

тыра́ж 1, ‑у, м.

1. Розыгрыш выйгрышаў у пазыцы або латарэі. Трэці тыраж дзяржаўнай пазыкі.

2. Пагашэнне аблігацый пазыкі або іншых папер установай, якая іх выпусціла. Аблігацыя выйшла ў тыраж.

•••

Выйсці ў тыраж гл. выйсці.

[Фр. tirage.]

тыра́ж 2, ‑у, м.

Колькасць экземпляраў якога‑н. друкаванага выдання аднаго выпуску. Тыраж газеты. Выданне мастацкіх твораў вялікім тыражом. □ Тыраж кнігі даволі вялікі, і тое, што праз некалькі тыдняў яна ўжо знікла з прылаўкаў кнігарняў, сведчыць пра цікавасць да яе шырокага кола чытачоў. «Полымя».

[Фр. tirage.]

тыражава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тыражаваць.

тыражава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тыражаваць.

тыражава́цца, ‑жуецца; незак.

Зал. да тыражаваць.

тыражава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак. і незак., што.

Спец.

1. Устанавіць (устанаўліваць) тыраж кнігі, газеты і пад.

2. Рабіць неабходную колькасць копій (кінастужкі, пласцінкі і пад.).

тыра́жны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыражу ​1. Тыражная табліца. // Прызначаны для правядзення тыражу. Тыражны апарат.

тыра́жны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыражу ​2. Тыражны экземпляр.