тысяча...
Першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які ўтрымлівае, мае тысячу, мноства чаго‑н., названага другой часткай слова, напрыклад: тысячагадовы, тысячагаловы, тысячатонны.
тысячагадо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прадаўжаецца тысячу гадоў. Тысячагадовы перыяд.
2. Які існуе, жыве тысячу гадоў. Тысячагадовы баабаб.
3. Які налічвае тысячу гадоў. Тысячагадовы юбілей.
тысячагало́сы, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з тысячы, мноства галасоў; які ўтвараецца тысячам, мноствам галасоў. Тысячагалосае «ура» перарвала яго прамову. Шамякін. / у вобразным ужыв. Белагрывыя хвалі з разгону кідаюцца на бераг, разбіваюцца аб камень, заліваюць яго сваімі салёнымі пырскамі, аглушаюць тысячагалосым гоманам і шумам. Бяганская.
тысячагало́ў, ‑лову, м.
Аднагадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з вялікімі ружовымі кветкамі.
тысячаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў тысячу год. Трэцяе тысячагоддзе да н. э. // звычайна мн. (тысячаго́ддзі, ‑яў). Вельмі вялікі прамежак часу. Не дні і не месяцы — Тысячагоддзі ідуць неўміручыя людзі да зор. Макаль. Пад няхітрую музыку адной скрыпкі і часам двух барабанаў віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагоддзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагоддзі. Чорны.
2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося тысячу год таму назад.
тысячаго́дні, ‑яя, ‑яе.
Тое, што і тысячагадовы. Тысячагоднія вашы [астраномаў] намеры Спраўдзяцца некалі не на паперы. Куляшоў.
тысячато́нны, ‑ая, ‑ае.
Які важыць тысячу тон або вельмі многа тон.
ты́сячнік, ‑а, м.
1. Разм. уст. Багацей, уладальнік тысячнага капіталу. [Старыцкі:] Вазьмі хоць Дзеркача — ёсць тут такі: Быў тысячнік, а стаў мільёншчыкам за вайну. Клімковіч.
2. Разм. Перадавы рабочы, калгаснік, які выконвае дзесяць і больш норм выпрацоўкі за змену. Вопыт тысячнікаў.
3. Разм. Той, хто налятаў, наездзіў тысячу кіламетраў, зрабіў тысячу скачкоў з парашутам і пад. Шафёр-тысячнік.
ты́сячны, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да тысяча. Тысячны кіламетр. // Частка, доля, атрыманая ад дзялення чаго‑н. на тысячу роўных частак. Тысячная доля мінуты. // Вельмі малая частка, доля чаго‑н. Пісьмо і тысячнай долі не раскажа таго, што хацелася сказаць. // Шматразовы, незлічоны. І што яно будзе? — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас. Ніхто нічога не рабіў, толькі збіраліся па хатах і тысячны раз апавядалі адны другім, што здарылася з эшалонам. Карпюк.
2. Які складаецца з тысячы якіх‑н. адзінак. Тысячны атрад. // Які складаецца з вялікай колькасці, мноства каго‑, чаго‑н., які налічвае тысячы. Калі падыходзіць час нерасту, рыба, асабліва каштоўная (кета, гарбуша, чавыча), тысячнымі чародамі заплывае з Ахоцкага і Берынгава мораў у рэкі Камчаткі. Гавеман.
3. Вартасцю ў тысячу рублёў. // Які ацэньваецца тысячамі рублёў. Тысячныя даходы. □ [Андрэй:] — А вось скажы ты мне праўду. Калі б я не быў басяком-выгнаннікам, а важным чыноўнікам з акладам у тысячу рублёў, тады колькі дзён туліў бы ты мяне? [Валоціч:] — Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся... Колас.