тыпа́ж, ‑у, м.
1. Сукупнасць тыпаў, узораў, мадэлей якіх‑н. дэталей. Тыпаж самалётаў. Пашырэнне тыпажу металаапрацоўчых станкоў.
2. Сукупнасць прыкмет, характэрных для якога‑н. грамадскага разраду, тыпу людзей. Сацыяльны тыпаж. □ Тыпаж бярэцца сакавіты, персанажы выкрываюць сябе праз учынкі, без надакучлівага маралізавання. Лужанін.
3. Акцёр з яркай характэрнай знешнасцю, які падыходзіць па сваіх даных для пэўнай ролі.
[Фр. typage.]
тыпа́жны, ‑ая, ‑ае.
Які адпавядае якому‑н. вобразу, ролі; які падыходзіць для якога‑н. вобраза, ролі. А хлопец — той прыгожы быў проста тыпажнай, проста хоць на плакат ці ў кінафільм пра маладых рабочых, прыгажосцю. Мехаў.
тыпалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тыпалогіі. Тыпалагічная класіфікацыя моў. Тыпалагічны метад. // Звязаны з вызначэннем агульнасці прыкмет якіх‑н. прадметаў, з’яў. Тыпалагічныя асаблівасці вышэйшай нервовай сістэмы.
тыпалітагра́фія, ‑і, ж.
Паліграфічнае прадпрыемства, на якім працэс друкавання выконваецца друкарскім і літаграфскім спосабам!.
тыпалітагра́фскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тыпалітаграфіі. Тыпалітаграфская тэхніка.
тыпало́гія, ‑і, ж.
Навуковы метад, звязаны з сістэматызацыяй або класіфікацыяй прадметаў, з’яў, паняццяў і пад. і вызначэннем іх тыпаў.
•••
Тыпалогія лінгвістычная — раздзел мовазнаўства, які вывучае мовы свету з пункту погляду падабенства і адрознення іх структуры.
[Ад грэч. typos — адбітак, форма і logos — вучэнне.]
тыпаметры́я, ‑і, ж.
Друкарская сістэма вымярэння элементаў шрыфту і наборных форм.
[Ад грэч. typos — адбітак, форма і metreō — вымяраю.]
тыпаразме́р, ‑у, м.
Спец. Тыповы размер (станкоў, дэталей і пад.). Тыпаразмеры інструментаў.
тыпізава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. тыпізаваць (у 2 знач.).