Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

трудзя́га, ‑і, м.

Разм. Той, хто многа і шчыра працуе; працавік. [Пагранічнік], перш за ўсё, нястомны трудзяга, адзін з тых «вінцікаў», чыя ціхая праца .. вельмі часта губляецца ў громе і бляску. Брыль. Той мусіць загінуць, хто меч узнімае На голавы мірных трудзяг. Колас.

труі́зм, ‑у, м.

Агульнавядомая, збітая ісціна.

[Англ. truism.]

трук, ‑а, м.

1. Лоўкі, эфектны прыём, нумар. Акрабатычны трук. Кінематаграфічны трук. Танцавальны трук.

2. перан. Лоўкія штукі; нечаканы ўчынак, дзеянне. Дыпламатычны трук.

[Фр. truc.]

тру́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да труна (у 1 знач.), які з’яўляецца трукам. // Які выкарыстоўвае трукі, з трукамі. Трукавы фільм.

трука́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да трукача, трукацтва, уласцівы трукачу. Трукацкі прыём.

трука́цтва, ‑а, н.

Разм.

1. Майстэрства выконваць трукі (у 1 знач.).

2. Празмернае захапленне трукамі ў мастацтве. Фармалістычнае трукацтва.

трука́ч, ‑а, м.

Разм.

1. Той, хто валодае майстэрствам выконваць трукі (у 1 знач.). Клоун-трукач.

2. Той, хто схільны да трукацтва (у 2 знач.).

трум, ‑а, м.

1. Месца паміж палубай і днішчам судна, прызначанае для розных грузаў. Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў. Шамякін. На параходзе і вакол яго кіпела работа. Высачэзныя стрэлы лябёдак то апускалі свае доўгія хобаты ў трум парахода, то падымаліся адтуль з грузам і ныралі за борт, на прыстань. Бяганская.

2. Памяшканне пад сцэнай у тэатры.

[Гал.]

тру́мавы і тру́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трума (у 1 знач.). Трумавае памяшканне. // Звязаны з абслугоўваннем трума. Трумавая каманда.

трумо́, нескл., н.

1. Высокае стаячае люстра. [Крысціна] увесь час вярцелася перад велізарным трумо. Васілевіч.

2. Спец. Прасценак, звычайна ўпрыгожаны арнаментам.

[Фр. trumeau.]