шматзна́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шматзначнага. Шматзначнасць з’явы. Шматзначнасць слова.
шматзна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне, важныя вынікі, значны ўплыў на каго‑, што‑н. Шматзначная падзея. □ Усё, што датычыла Іры, было для мяне тады шматзначнае, напоўненае незвычайным сэнсам. Марціновіч.
2. Які робіць намёк на што‑н. важнае; які пра многае гаворыць. Надзя.. не вытрымлівала шматзначнага і ў той жа час іранічнага позірку бацькі. Лынькоў. Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака. Дамашэвіч.
3. У матэматыцы — які складаецца з многіх лічбавых знакаў. Шматзначная лічба.
4. У мовазнаўстве — які мае многа значэнняў. Шматзначнае слова.
шматзяме́лле, ‑я, н.
Наяўнасць вялікай колькасці зямлі, якая выкарыстоўваецца для вядзення сельскай гаспадаркі.
шматзяме́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае шмат зямлі для вядзення сельскай гаспадаркі. Шматзямельны саўгас. // Які мае дастатковую або вялікую колькасць зямлі, прыдатнай для гаспадарчага выкарыстання. Шматзямельная краіна.
шматкаляро́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць шматкаляровага.
шматкаляро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Афарбаваны ў розныя колеры; рознакаляровых пярэсты. Высока над лесам красавалася шматкаляровая вясёлка. Бядуля. Па вялізным квадратным стале побач са столікам, на якім была размешчана радыёапаратура, ляжала шматкаляровая карта зоны. Хадкевіч.
2. Спец. Звязаны з атрыманнем адбіткаў тэксту, ілюстрацый, узораў і інш. у фарбах. Шматкаляровы друк. Шматкаляровая машына. // Надрукаваны ў некалькі фарбаў, некалькі колераў. Шматкаляровы малюнак. Шматкаляровая ілюстрацыя.
шматкана́льнасць, ‑і, ж.
Наяўнасць, адначасовае выкарыстанне некалькіх каналаў.
шматкана́льны, ‑ая, ‑ае.
Які характарызуецца наяўнасцю, адначасовым выкарыстаннем некалькіх каналаў.
шматкаўшо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі каўшоў, з некалькімі каўшамі. Шматкаўшовы экскаватар.
шматкватэ́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае шмат кватэр. [Самусевіч:] — Мяне ахоплівае вялікая радасць, калі я гляджу, як на нашым заводзе растуць велізарныя новыя карпусы, дзесяткі шматкватэрных дамоў. «Беларусь».