Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

трапа́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, заняты трапаннем валакна.

трапа́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да трапальшчык.

трапа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. трапаць.

трапа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад трапаць.

2. у знач. прым. Ачышчаны ад кастрыцы (пра валакно). Трапаны лён.

трапа́р, ‑а, м.

Малітоўны верш для спеву ў гонар якога‑н. праваслаўнага свята або святога.

[Грэч. troparion.]

трапасфе́ра, ‑ы, ж.

Ніжні асноўны слой зямной атмасферы, размешчаны да вышыні 8–18 км.

[Ад грэч. tropos — паварот і слова сфера.]

трапасфе́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трапасферы.

трапа́цца, траплюся, трэплешся, трэплецца; незак.

1. Разм. Гаварыць лухту, бязглуздзіца, няпраўду; гаварыць несупынна. [Хрысціна:] — А Мікола Шугалей, з Русакоў, дык той усю дарогу трэплецца. Аж моташна бывае. Асіпенка. [Шумейка:] Таварыш капельмайстар! Наталля Мікалаеўна танцаваць хоча. [Наталля:] Годзе вам трапацца. Крапіва. // Расказваць што‑н., прагаворвацца аб чым‑н. [Юрка:] — Косця, Аня прынесла твой ліст у дзесяты пакой, стала на табурэт і ўсім прачытала... Потым чытала Верцы. Трэплецца ўсім... Карпюк.

2. Зал. да трапаць (у 1, 3 знач.).

трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.

1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.

3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.

4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.

5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.

6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.

•••

Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.

Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.

трапе́за, ‑ы, ж.

1. Агульны стол для яды ў манастыры, а таксама прыём яды (абед, вячэра) за такім сталом і сама яда. // Уст. Наогул стол для яды, а таксама прыём яды і сама яда. З домам зліваўся шырокі, крыты ганак са скругленымі слупамі. Улева ад яго ішла веранда. Тут у цёплыя дні вясны і лета спраўляў свае трапезы бацька Уладзімер. Колас.

2. Тое, што і трапезная (гл. трапезны ў 2 знач.).

[Ад грэч. trapeza — стол.]