Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атарапе́лы, ‑ая, ‑ае.

Збянтэжаны, разгублены. // Які выяўляе збянтэжанасць, разгубленасць. Атарапелы выгляд.

атарапе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Прыйсці ў замяшанне, разгубіцца ад нечаканасці, спалоху. У зале засмяяліся. Тодар атарапеў ад нечаканасці і абразы. Крапіва. Дыхнула полымем яму аж у самы твар. Выжлятнік закашляўся, адскочыў быў, атарапеў. Пташнікаў.

ата́ршчык, ‑а, м.

Пастух пры атары.

атаско́п, ‑а, м.

Медыцынскі інструмент для даследавання вуха; вушное люстэрка.

[Ад грэч. ús (ōtós) — вуха і scopéō — гляджу.]

атаўбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; зак.

Разм. Уладкавацца, размясціцца; атабарыцца. Хацеў і там адзін карчмар атаўбавацца ды шынкарыць. Дубоўка. Хата стаяла забітая, пакуль не атаўбаваўся ў ёй прышлы салдат. Лужанін.

ата́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да атавы. Атаўнае сена.

атача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да атачыць.

атачо́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атачыць.

атачы́ць, атачу, аточыш, аточыць; зак.

Тое, што і акружыць (у 1, 2 знач.); агарнуць. Мы перажылі нават блакаду. Нашы Дзямідавы груды была атачыла цэлая эсэсаўская дывізія. Сабаленка.

атачэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. атачаць — атачыць.