суцяша́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць суцяшальнага.
суцяша́льнік, ‑а, м.
Той, хто суцяшае. Старшыня апускае вочы і журботна звешвае галаву .. І тады ўжо сам пісар выступае ў ролі суцяшальніка. Колас.
суцяша́льны, ‑ая, ‑ае.
Які дае супакаенне, палёгку, суцяшэнне. Суцяшальны адказ. □ Хадоська спачувальна ўздыхнула, але сказаць нічога суцяшальнага не паспела. Мележ.
суцяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да суцешыцца.
2. Зал. да суцяшаць.
суцяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да суцешыць.
2. Быць суцяшэннем, аблягчэннем. І толькі адно суцяшала: не адзін жа .. [Рыгорка], а і другія са школы разам едуць у тое падарожжа. Якімовіч.
суцяшэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.
2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.
3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.
суча́снасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сучаснага (у 3 знач.); актуальнасць, злабадзённасць. Сучаснасць тэматыкі. □ Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя».
2. Сучасная рэчаіснасць, сучасная эпоха. Перад .. вачыма [Міхалкі] мільгала кінастужка, якая разгортвала на лесвіцы эпох развіццё чалавечай творчасці ад першабытнай пячоры да сучаснасць. Бядуля. Закончыўшы працу над кнігай, я адчуваю сябе так, як быццам пераступіў парог з мінуўшчыны ў сучаснасць. Таўлай.
суча́снік, ‑а, м.
Той, хто жыў ці жыве ў адзін час з кім‑н. Як і кожны малады літаратар,.. [Заранік] марыць напісаць добрую кнігу пра сваіх сучаснікаў і іх справы. Хадкевіч. Сучаснік Янкі Купалы і Якуба Коласа,.. [Бядуля] ўнёс каштоўны ўклад у развіццё культуры беларускага народа. Каваленка.