сучо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да сук; невялікі сук. Гнуткія галінкі білі нас па твары, вострыя сучкі чапляліся за адзенне, але мы спяшаліся далей. В. Вольскі.
2. толькі мн. (сучкі́, ‑о́ў). У тэхніцы — кавалачкі драўніны ў папяровай масе.
•••
Ні сучка ні задзірынкі — вельмі гладка, без перашкод.
су́чча, ‑а, н., зб.
Сукі. Апалае лісце пазграбана ў кучкі, на іх ляжыць зрэзанае сухое сучча. Грахоўскі. Цяпер не стала і бяроз. Абгарэлае, абпаленае сучча нязграбна чарнела на вячэрнім блакіце неба. Лынькоў. // Тое, што і галлё. Распусціўшы сучча, У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён На далёкім полі. Купала. // Тое, што і хвораст. Толькі назад ішла .. [Іваніха] яшчэ цішэй, і за спінай у яе пагойдвалася ў такт хадзе вязанка дробнага сучча. Кудравец.
су́ччын, ‑а.
Які належыць суцы, сучцы. Суччына будка.
сучы́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сукі (у 1 знач.), сучкі 1.
•••
Сучынае вымя — народная назва нарыва пад пахай.
суш, ‑ы, ж.
1. Сухая, без дажджоў пагода; засушлівы час; засуха. У сёлетнюю суш варта толькі іскру здзьмухнуць з папяросы, як ад шкоды не абярэшся. Пташнікаў. Гэтае месца на Капыльскай вуліцы славілася яшчэ і тым, што тут .. нават у самую суш красавалася велізарная лужына. С. Александровіч.
2. Што‑н. пазбаўленае вільгаці, сухое. Калісь і тут гарэла суш, Куды рабіць — і дыхаць цяжка! Лужанін.
су́ша, ‑ы, ж.
1. Зямля ў процілегласць воднай прасторы. Не паспеюць [матросы] вярнуцца ў свой порт, размяць ногі на сушы, як зноў каманда: у мора! Б. Стральцоў. У адкрытым акіяне няма ні дрэў, ні траў, дык чаму ж паветра гам значна больш багатае кіслародам, чым на сушы? Матрунёнак. Катэры набліжаюцца да берага, вось ужо недалёка прыстань, хутка матросы ступяць на сушу. Кулакоўскі. // Сухая зямля ў параўнанні з балотам. Града — вузкая палоска сушы сярод багны і трысця. Асіпенка.
2. Тое, што і суш (у 1 знач.). Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Краўчанка.
су́шаніца, ‑ы, ж.
Лекавая расліна сямейства складанакветных.
су́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сушыць.
2. у знач. прым. Высушаны, нарыхтаваны шляхам сушкі. Сушаныя грыбы. □ Кожны дзень бабуля ўзнагароджвала мяне .. сушанай морквай і арэхамі. Бядуля. Дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі. Брыль.
су́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. сушыць (у 1, 2 знач.).
2. Р мн. су́шак. Малы, тонкі і сухі абаранак. Купіць кілаграм сушак. Ванільныя сушкі.
су́шневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сушні.