Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

стэтагра́фія, ‑і, ж.

Запісванне пры дапамозе стэтографа.

стэтаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стэтаскопа, стэтаскапіі. Стэтаскапічнае даследаванне.

стэтаскапі́я, ‑і, ж.

Праслухванне сэрца, лёгкіх пры дапамозе стэтаскопа.

стэтаско́п, ‑а, м.

Медыцынскі інструмент у выглядзе трубкі для выслухвання сэрца і лёгкіх.

[Ад грэч. stēthos — грудзі і skopeō — гляджу.]

стэто́граф, ‑а, м.

Апарат для запісу рухаў грудной клеткі ў час дыхання.

[Ад грэч. stēthos — грудзі і graphō — пішу.]

су, нескл., н.

Французская дробная разменная манета (цяпер знята з абароту).

[Фр. sou.]

су..., прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і абазначае: а) сумеснасць, саўдзел, напрыклад: суапякун, сунаймальнік, сунаследнік, субяседнік; б) сукупнасць, зборнасць, напрыклад: сузор’е, суквецце, суплоддзе.

2. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў і абазначае: а) суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі, напрыклад: сугучны, суразмерны, сузалежны; б) збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе, напрыклад: суладны, сумежны, сумесны, сучасны; в) указанне на ўнутранае адзінства чаго‑н., напрыклад: суцэльны.

3. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым‑н., напрыклад: суіснаваць, сумясціць, суаднесці.

суадка́зчык, ‑а, м.

Той, хто з’яўляецца адказчыкам за якую‑н. справу сумесна з кім‑н. іншым.

суадка́зчыца, ‑ы, ж.

Жан. да суадказчык.

суадне́сенасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан суаднесенага. У аснове вобраза ляжыць параўнанне, суаднесенасць агульнага і прыватнага. М. Стральцоў.