Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.

2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.

шмараві́дла, ‑а, н.

Разм. Густая сумесь тлушчу з рознымі лекавымі рэчывамі для ўцірання ў скуру ці змазвання яе; мазь. Апрача розных сухіх траў у старога былі і нейкія пякучыя шмаравідлы, ад націрання якімі хворы ўскокваў, як шалёны, з ложка і бег на вуліцу. Рамановіч.

шмараво́з, ‑а, м.

Разм. лаянк. Неахайны чалавек; мурза. [Франуся:] — Цэлы дзень то абмывай іх [дзяцей], то латай адзежу. Такія шмаравозы! Чарнышэвіч.

шмаргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да шморгацца.

шмаргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да шморгаць.

2. Разм. Хутка, непрыкметна пайсці; прашмыгнуць. Я недаказаў таго, што думаў, як дзед хуценька падперазаў кажух і шмаргануў з пакоя. Сабаленка.

шмат 1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат 2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

шматаблі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з мноства розных абліччаў. Шматаблічны натоўп.

2. Які выяўляецца ў многіх, розных фермах; разнастайны. Перш за ўсё гэта «Лясное водгулле» і «Зялёны кругаварот» — вершы аб прыродзе, жывой, шматаблічнай, якая няспынна самаўзнаўляецца, прыродзе, якая — пад пяром паэта — пабыла многія чалавечыя якасці і, у сваю чаргу, надзяліла чалавека сваімі. «Полымя».

шматабяца́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае многа каштоўных якасцей і таму падае вялікія надзеі. Шматабяцаючы студэнт. Шматабяцаючы хірург.

2. Які заключае ў сабе намёк на што‑н., якое‑н. абяцанне; які прадракае што‑н. значнае. Шматабяцаючы позірк. □ Быў і сорам, які змагаўся з пачуццём вострай, шматабяцаючай цікаўнасці. Брыль. [Маіны] словы прыносілі.. [Мікалаю] нешта балюча блізкае, шматабяцаючае і таксама балюча недасяжнае... Карпюк.

шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.

2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.

шматану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шматаць.