Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

развя́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. развязваць — развязаць і развязвацца — развязацца.

развя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да развязацца.

2. Зал. да развязваць.

развя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развязаць.

развя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. развязваць — развязаць (у 1 знач.).

2. Канец, завяршэнне чаго‑н. Віця не чакаў, што некалькі слоў, пачутых ім з-за вугла, прывядуць да такой развязкі. Нядзведскі. Міхал замёр, не моргне вока: Развяжа скора, недалёка — Вось-вось пакажацца звяруга!.. Колас. // Спец. Вырашэнне канфлікту ў літаратурным мастацкім творы, становішча, якое склалася ў выніку паказаных у творы падзей. Перад намі .. камедыя, заснаваная на традыцыйнай любоўнай інтрызе, з традыцыйнай шчаслівай развязкай — шлюбам, вяселлем. «Полымя».

3. Збудаванне на аўтамабільных дарогах, якое дазваляе патокам транспарту бесперапынна рухацца ў розных напрамках.

развя́знасць, ‑і, ж.

Уласцівасць развязнага; празмерная свабода, бесцырымоннасць у паводзінах, абыходжанні. Развязнасць манер. Развязнасць позы. □ Кожная новая чарка дадавала больш руху, ажыўлення, развязнасці. Колас. З вясёлай развязнасцю паўтарыў .. [Саш] стары жарт. Вітка.

развя́зны, ‑ая, ‑ае.

Празмерна вольны, бесцырымонны (пра чалавека і яго паводзіны, абыходжанне). Гаварыў .. [хлопец] развязным тонам, на нейкім жаргоне і з разлікам, што навокал яго слухаюць. Карпюк. Між тым, Славік вырас грубым, развязным, самалюбівым хлопцам без ясных ідэалаў, без веры, без працоўных навыкаў. «Полымя».

развянча́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. развянчаць (у 1 знач.).

развянча́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развянчаць.

развянча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пазбавіць ранейшай славы, усеагульнага прызнання, паказаўшы адмоўныя бакі каго‑, чаго‑н. Развянчаць культ асобы. □ Партыя .. рашуча развянчала суб’ектывізм, які падмяняў навуковы падыход да вырашэння буйных задач неабгрунтаванымі імправізацыямі. «Звязда». — Трэба ўзброіць гарадскую арганізацыю, развянчаць «тэарэтыка» Замерштэйна. Пестрак.

2. Разм. Скасаваць, аб’явіць несапраўдным чый‑н. шлюб, узяты па царкоўнаму абраду. — Татачка, мой родны, Мяне развянчайце, Ручкі мае развяжыце, Слоўца маё адкажыце! З нар.

развярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Разваліцца, разбурыцца. Печ развярнулася ад выбуху.

2. Павярнуцца, каб змяніць становішча або напрамак свайго руху. Жывіца зухавата развярнуўся. Паслядовіч. Машына дала задні ход, развярнулася і пайшла ў глыбіню лесу. Пальчэўскі.

3. Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. // Перафарміравацца ў буйнейшую баявую адзінку.

4. Прыняць пэўны парадак. Журавы развярнуліся ў клін. Брыль.

5. Разм. Павярнуцца, адвёўшы руку ўбок. Дзядзька Цімох развярнуўся ды як даў Лявону поўху — той ледзьве з ног не зваліўся. Дубоўка. // чым, з чым (звычайна з адмоўем, словамі «як», «толькі» і інш.). Пра наяўнасць прасторы для пэўных рухаў (пры рабоце). Там з касою не развярнуцца. □ Вялікая печ, ложак паўз сцяну, стол і канапа. Яны займалі ледзь не ўсю хату, пакідаючы праход у другую палавіну і месца, як развярнуцца вілачнікам. Кудравец.