Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

храсткападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на храсток.

храстко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да храстка, з’яўляецца храстком. Храстковая клетка. Храстковая тканка. // Які складаецца з храсткоў. Храстковы пазваночнік.

2. Які мае шкілет з храстка. Храстковыя рыбы.

храсто́к, ‑тка, м.

Гнуткая і шчыльная злучальная тканка пазваночных жывёл і чалавека, якая ўтварае некаторыя часткі шкілета і дыхальных шляхоў дарослага чалавека. Храсткі гартані. □ Перасадка чалавеку такіх тканак, як храсток, косці, рагавіца вока, — ужо не праблема. «Звязда». Чалавек азірнуўся і пайшоў паволі назад. Храсткі яго носа варушыліся. Чорны.

•••

Надгартанны храсток — надгартаннік.

хрась, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. храснуць і храснуцца. Наступіў ботам [на плот] ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. Быкаў. [Бацька:] — Убачылі [парубшчыкі] лесніка — да яго. Ружжо аднялі — аб пень хрась! — паламалі... Масарэнка.

храшчаві́на, ‑ы, ж.

Тое, што і храсткавіна.