Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жа́ласлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да жаласці, спачування; спагадлівы, чуллівы. [Ліза] засталася такою ж ласкавай і жаласліваю, як і была, але ў вонкавым выглядзе яе адбыліся перамены і зусім нечаканыя. Арабей.

2. Які выклікае жаласць, спачуванне; няшчасны. — Ты не крыўдуеш на мяне, Пеця? — запыталася .. [Люба] і сама здзівілася, да чаго голас яе слабы і жаласлівы. Асіпенка.

жа́ласнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жаласнага.

жа́ласнік, ‑а, м.

Той, хто праяўляе жаласць да каго‑, чаго‑н.

жа́ласніца, ‑ы, ж.

Жан. да жаласнік.

жа́ласны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае жаласць, спачуванне; жаласлівы. [Лена] часта мела даўгі ў касу ўзаемадапамогі і часта пісала жаласныя заявы ў прафсаюз. Лупсякоў. // Поўны суму, журботы. Ветру не было, а дрот бесперапынку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казкі гэтых панурых лясоў і балот Палесся. Колас.

2. Схільны да спачування; спагадлівы, чуллівы. Жаласны чалавек. □ Вочы старой пацяплелі, і ўсе рысы яе твару расплыліся ў жаласную ўсмешку. Лынькоў.

жа́ласць, ‑і, ж.

Пачуццё спагады, спачування каму‑, чаму‑н. Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Колас. Голас, у якім чулася шчырая жаласць і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне. Васілевіч.

жале́за, ‑а, н.

1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.

2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.

3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.

жалеза...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «жалеза», напрыклад: жалезабетонны, жалезапракатны, жалезавугляродзісты.

жалезаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які апрацоўвае жалеза. Жалезаапрацоўчы завод.

жалезабето́н, ‑у, м.

Будаўнічы матэрыял, спалучэнне бетону з жалезнай арматурай. Зямля, здавалася, расколвалася на часткі, дрыжала, трэскаўся жалезабетон бліндажоў. Шамякін.