старадру́к, ‑а, м.
Старадрукаваныя кнігі. Як ён [Багдановіч] хацеў .. дакрануцца да пажаўцелых старонак тваіх старадрукаў! Клышка. У параўнанні з рукапісамі і старадрукамі папярэдняга [16–17 стст.] перыяду ў пазнейшых друкаваных кнігах літара «і» ужываецца больш паслядоўна. Булыка.
старадрукава́ны, ‑ая, ‑ае.
Надрукаваны да выпраўлення кніг для набажэнства ў другой палове 17 ст. Большая частка беларускіх пісьмовых помнікаў .. у выглядзе адзінкавых рукапісных ці старадрукаваных экземпляраў захоўваецца ў розных кнігасховішчах свету. Жураўскі.
старадрэ́віна, ‑ы, ж.
Разм. Старое, звычайна сухое дрэва. Вогненная паводка злізвала на сваім шляху адвечны буралом, агонь забіраўся ў дуплы старадрэвін і праз дзіркі вырываўся адтуль вострымі языкамі. Пальчэўскі.
стараду́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.
Народная назва некаторых відаў пакрытанасенных раслін сямейства казяльцовых і гарычкавых.
старажава́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. старажаваць.
старажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак.
Разм.
1. Выконваць абавязкі стоража. — Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч. — Да ўжо, мусіць, чацвёрты год, — адказаў стораж. Колас.
2. каго-што. Вартаваць каго‑, што‑н., пільнаваць каго‑, што‑н. «Прыпушчу, думаю, на часінку [пасвіцца каня], не канешне ж Лаўрэну цягнуцца тут, у яго вунь якія абшары старажаваць». Якімовіч.
старажавы́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Прызначаны для назірання, вартавы; які з’яўляецца месцам для стоража. Старажавы катэр. Старажавы пост.
старажо́к, ‑жка, м.
Прыстасаванне, якое прыводзіць у дзеянне механізм пасткі.
старажо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы; Р мн. ‑жовак; ж.
Разм. Тое, што і старожка (у 1 знач.). Мужчыны кінулі работу і пабеглі ў старажоўку, Сымон зняў шапку і астаўся пад дажджом. Чарнышэвіч.
старажо́ўства, ‑а, н.
Разм. Занятак стоража. [Бацька:] — Калі лавіць баброў, то, відаць, трэба, каб мяне адпусцілі на колькі месяцаў... Самавольна ж я не магу. Старшыня пакрыўдзіцца і пазбавіць работы, ды і старажоўства губляць прыйдзецца. Масарэнка.