шля́цца, шляюся, шляешся, шляецца; незак.
Разм. неадабр. Швэндацца, валачыцца. Ваўкі па сцежках шляюцца І ночкаю, і днём. Купала. — Не будзе нам веры ў тое, што зямля наша, гэта наша зямля, пакуль будуць шляцца па зямлі буржуі ды генералы розныя. Галавач. [Дзядзька Яўмен:] — Аўхім толькі адзін і астаўся... Вось ён і шляўся, валачыўся тут... Сачанка.
шлячо́к, ‑чка, м.
Памянш. да шляк. Ручнік з зялёным шлячком.
шляя́, ‑і; мн. шлеі, шлей; ж.
1. Частка збруі ў выглядзе рэменя, які ідзе ад хамута і агібае ўсё тулава каня і падтрымліваецца папярочнымі рамянямі. Андрэй сцебануў яго шляёй. Конь, напяўшыся, ірвануў з усіх чатырох. Пташнікаў.
2. Шырокі рэмень, які выкарыстоўваюць пры запрэжцы замест хамута.
шма́лец, ‑льцу, м.
Гусіны тлушч. Птушынае царства, як у газетах пісалі, і не абы якой птушкі! Качкі, як гусі, а гусі, як ладныя індыкі. Адзін шмалец! Грамовіч. [Мацвееў:] — А зімой без кажуха, валёнак, не абмазаўшы твар шмальцам, і носу не вытыркай. Навуменка.
шмальцава́цца, ‑цуецца; незак.
Зал. да шмальцаваць.
шмальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.
Запэцкваць, вымазваць чым‑н. сальным, ліпкім. Шмальцаваць целагрэйку.
шма́льцавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, прыгатаваны са шмальцу. Шмальцавая мазь.
шмана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., без дап., на каго-што і з дадан. сказам.
У выразе: (і) не шманае — не звяртае ніякай увагі, не рэагуе на каго‑, што‑н., захоўвае поўны спакой. — І дзе ты гэтак налупіўся, Каб ты смалы ўжо быў напіўся. Ото натура! — жонка лае, А ён [Міхал] смяецца, не шманае. Колас. — Старэйшы [сын] і не шманае, што заўтра на вайну пойдзе, а меншы — дзіцё... Чарнышэвіч. І не шманаюць [жывёлы], што плывуць. Вада, а страху — ані знаку. Лужанін.
шмарава́нне, ‑я, н.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шмараваць.
2. Лячэбная мазь; лякарства. [Ксёндз:] Я пані лякарства прывёз.. [Пані Яндрыхоўская:] А што за лякарства? [Ксёндз:] Такое шмараванне з розных зёлак і тлушчу.. Няхай пані нанач нашмаруецца ды ўкрыецца добра. Крапіва.
шмарава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
Разм. Націрацца, намазвацца чым‑н. Шмаравацца шкіпінарам. // Церціся, скрэбціся чым‑н. Як ні шмараваліся нашы хлопцы венічкамі ў Анупрэя, а жывіцу, што папрыставала да цела, чыста адмыць не маглі. Машара.