Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надаку́члівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які падакучвае. Надакучлівы чалавек. Надакучлівае чаканне. □ У галаве мроіліся надакучлівыя думкі. «ЛіМ». За акном сыпаў дробны, надакучлівы дождж. Сіняўскі. У лесе групу партызан сустрэлі прарэзлівым крыкам надакучлівыя сойкі. Федасеенка.

надаку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каму, з інф. і без дап.

Зрабіцца сумным, непрыемным сваёй аднастайнасцю, паўтарэннем, перастаць цікавіць каго‑н.; апрыкраць. Ігнасю наогул надакучыў местачковы тлум. Чарнышэвіч. Тамаш прыйшоў позна, калі ўжо ўсім надакучыла чакаць яго. Чорны. Быць толькі сувязной [Валі] надакучыла вельмі хутка. Брыль. Відаць, я моцна надакучыў маці сваімі пытаннямі, бо яна спачатку нахмурылася, а потым перапытала: — Спадабалася, значыць, Зосі лекцыя? Даніленка. / у безас. ужыв. — Не надакучыла яшчэ? — Сагал ціха пакратаў мяне за плячо. Асіпенка.

нада́лей і надале́й, прысл.

На будучы час, на потым. Кантракта надалей.. [пан] не падпісаў. Бядуля. Заставацца ў шэрым драўляным доміку надалей было немагчыма. Нядзведскі. [Чалавек] сядзеў, азіраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. Лынькоў.

нада́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. надаць.

надара́цца, ‑аецца.

Незак. да надарыцца.

надара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да надарыць (у 1–4 знач.).

надарва́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць надарванага (у 2 знач.). У голасе чулася надарванасць.

надарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад надарваць.

2. у знач. прым. Хваравіта рэзкі, хрыплы; у якім чуюцца душэўны боль, пакуты. Надарваны ахрыплы голас крычаў з цемры: «Народ!.. Сюды!» Броўка.

3. у знач. прым. Змучаны; з душэўным надрывам. А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны. Шамякін. Кацярына была адна, з хворай душою і надарваным сэрцам. Ваданосаў.

надарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Крыху, не да канца падрацца. Мяшок надарваўся. Канверт надарваўся.

2. Ад празмерных намаганняў пашкодзіць сваё здароўе. Бацька, казалі, надарваўся, падымаючы бярвенні, калі складалі зруб хаты ў суседа. Мележ. // Змяніць свой тэмбр або перарвацца (пра голас). Голас, [цёткі Веры] надарваўся, стаў рэзкім, калючым. Лынькоў.

надарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Крыху, не да канца падраць. Святланка першая працягнула свой білет кантралёрцы. Тая крыху надарвала білет. Васілёнак.

2. Пашкодзіць ад якіх‑н. празмерных намаганняў, напружання. Надарваць здароўе. □ Радзівоніха выплакала ўсе слёзы І голас надарвала. Жычка. // Змучыць фізічна або маральна. — Нашто ж было класці такі воз! — заўважыў Косцік. — Гэта ж можна надарваць каня. Баранавых.

•••

Надарваць (парваць, надарваць) жывот (жываты) — вельмі моцна і доўга пасмяяцца.

Надарваць сэрца — выклікаць душэўныя пакуты.