Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

асно́ва, ‑ы, ж.

1. Частка прадмета, на якой замацоўваюцца астатнія яго часткі; каркас, касцяк. Хлопцы.. прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Наверсе паклалі перакладзіну, і аснова шалашыка была гатова. Чарнышэвіч. Рухаюцца ўперад асновы будучых машын на галоўным канвееры, абрастаючы ўсё новымі вугламі і дэталямі. Данілевіч.

2. Грунт ці штучнае збудаванне, на якім трымаецца, знаходзіцца што‑н.; падмурак. Аснова вежы. // Ніжняя плоскасць, якой прадмет, збудаванне датыкаецца да паверхні чаго‑н. // Ніжняя частка якога‑н. прадмета ці збудавання. Стог у аснове меў каля пяці метраў. □ Дваццатага чэрвеня мы ўжо змаглі прыступіць да падрыхтоўкі бетоннай асновы, а ў верасні распачалі ўкладку бетона. «Полымя».

3. перан. Тое, што складае ядро чаго‑н., з’яўляецца зыходным матэрыялам для ўтварэння, стварэння чаго‑н.; узор, пачатак. Народная аснова літаратурнай мовы. □ Мы бачылі, што Маркс ў 1845 годзе, Энгельс у 1888 і 1892 гг. уводзяць крытэрый практыкі ў аснову тэорыі пазнання матэрыялізму. Ленін. У аснову паэмы «Магіла льва» пакладзена народная легенда пра Машэку. Шкраба. Мы песні сваёй Палажылі ў аснову І чыстую праўду, І чыстую мову. Лужанін. // Тое галоўнае, на чым грунтуецца, будуецца што‑н. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, І там зажыць сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова! Колас. // звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Пачаткі, прынцыпы (пра лад, сістэму і пад.). Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак. Колас. І рушыць ён [час] і рве асновы ўсе старыя, Дрыжыць прад сілай той і цемра і туман. Гурло.

4. звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Зыходныя, галоўныя палажэнні якой‑н. навукі, тэорыі і пад. Асновы агратэхнікі. Тэарэтычныя асновы марксізма-ленінізма. Эстэтычныя асновы паэзіі. Асновы навукова-атэістычнага светапогляду. Фізіялагічныя асновы чалавечай псіхікі. Асновы мічурынскага вучэння.

5. Падоўжныя ніткі ў тканіне. Быў пад рукамі ў іх [ткачых] не шоўк, А просты, каляровы Па густу выбраны ўток І тонкая аснова. Арочка.

6. Частка слова, якая раскрывае яго лексічнае значэнне і ў якую, апрача кораня, можа ўваходзіць прыстаўка і суфікс.

7. Старана геаметрычнай фігуры, перпендыкулярная да яе вышыні. Аснова трохвугольніка. Аснова сегмента.

8. Злучэнне, якое ўтварае пры ўзаемадзеянні з кіслотамі соль.

•••

Закласці асновы чаго гл. закласці.

Ляжаць у аснове чаго; легчы ў аснову чаго гл. ляжаць, легчы.

На аснове чаго — выходзячы з чаго‑н., апіраючыся на што‑н.; на падставе.

Узяць за аснову гл. ўзяць.

асноватво́рны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які дае аснову (у 3 знач.) чаму‑н.; асноўны, галоўны. Асноватворныя працы класікаў марксізма-ленінізма.

асно́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. асноўваць — аснаваць.

асно́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. на чым. Тое, што і грунтавацца. Разважанне асноўвалася на вядомых Чыкілевічу выпадках. Колас.

2. Зал. да асноўваць.

асно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аснаваць.

асно́ўны ​1, ‑ая, ‑ае.

Найбольш важны, істотны, галоўны. Асноўны закон. Асноўная думка. Асноўныя сродкі вытворчасці. Асноўная задача. Асноўная спецыяльнасць. / у знач. наз. асно́ўнае, ‑ага, н. Звераў рашыўся на самае асноўнае, што магло яго выручыць. Алешка.

•••

Асноўны капітал гл. капітал.

У асноўным — у агульных, істотных рысах, у галоўным.

асно́ўны ​2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асновы (у 5 знач.). Асноўныя ніткі.

асно́ўны ​3, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да асновы (у 8 знач.). Асноўны вокісел. Асноўная соль.

асо́ба, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць уласцівасцей пэўнага чалавека, якія складаюць яго індывідуальнасць. Усебаковае развіццё асобы. // Чалавек з пункту погляду яго характару, паводзін, становішча і г. д. Гераічная асоба. Бязвольная асоба.

2. Асобны чалавек у грамадстве; індывідуум. Роля асобы ў гісторыі. Прыватная асоба.

3. (з адценнем іроніі). Чалавек, які трымае сябе важна, ганарліва; персона. Ну, словам, дзядзька наш — асоба! Колас. // У спалучэнні з ускоснымі склонамі займенніка «свой» або прыметніка «уласны» азначае: самога сябе, самому сабе і г. д. Машыніст па-свойму зразумеў ўсмешку, як пэўную даніну сваёй асобе. Лынькоў. [Саламон] злавіў сябе на тым, што вельмі дбае аб сваёй уласнай асобе. Бядуля.

4. Пра чалавека (часцей жаночага полу), калі не хочуць назваць яго імя. Асоба, якая званіла, відаць, пакрыўдзілася і павесіла трубку. Гурскі.

5. Граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны дзеяння да таго, хто гаворыць; адзначаецца як формай дзеяслова, так і пэўнай групай займеннікаў. Асоба дзеяслова. Дзеяслоў у трэцяй асобе.

•••

Давераная асоба — чалавек, якому што‑н. давяраецца, які можа дзейнічаць ад імя таго, хто давярае.

Дзеючая асоба — персанаж у драматургічным творы.

Зацікаўленая асоба — асоба, якая мае інтарэс да якой‑н. справы.

Службовая асоба — асоба, якая займае якую‑н. пасаду ў дзяржаўным апараце.

Трэцяя асоба — асоба, якая з’яўляецца пабочнай у адносінах да спрэчкі паміж двума бакамі.

Юрыдычная асоба — установа, прадпрыемства ці арганізацыя як носьбіт правоў і абавязкаў.

асо́баснасць, ‑і, ж.

Сукупнасць індывідуальных рыс, асаблівасцей, характэрных для каго‑н. як асобы.

асо́басны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да асобы (у 1 знач.), да суб’екта. Асобасныя характарыстыкі.

асо́біна, ‑ы, ж.

Кожны асобны арганізм, які самастойна існуе; індывідуум.