Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

спа́ткі, выкл.

Звычайна ў звароце да дзяцей або ў паэтычным выразе: спаць. Лажыцеся ў раллю, зярняткі, спаткі, Накрыйцеся пасцілкай-скібкай. Купала.

спатне́ласць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан спатнелага. — Мо хто за вамі гнаўся? — зірнуўшы на нашу спатнеласць, пытала цётка Арына і расшпільвала Алесеў пінжак. Сабаленка.

спатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і спацелы. Узмакрэлы, спатнелы, Яўген прыбег дадому позна ўвечары. Сабаленка. Бабейка падставіў спатнелы твар ветру, але вецер быў сухі і гарачы, палёгкі не прыносіў. Хадкевіч. [Сімон] выпісваў пальцам на спатнелых шыбах розныя лічбы. Самуйлёнак.

спатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і спацець. Над вухам нешта зашыпела, я спужаўся, паляцеў уніз. Бухнуўся на мох каля птушанят. Адразу спатнеў. Карпюк.

спатрэ́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Стаць патрэбным, неабходным. Як ведаў, што шатровачка на блінцы спатрэбіцца. Грахоўскі. Зяць, відаць, дапытваўся, навошта ён так тэрмінова спатрэбіўся. Шамякін. [Дуся], відаць, чакала, ці не спатрэбіцца ў чым-небудзь яе паслуга. Ракітны. Настойлівасць .. [Тураўца] тут вельмі спатрэбілася. Мележ. / у безас. ужыв. Аднойчы ўвосень Антонаваму бацьку спатрэбілася паехаць нечага на станцыю. Васілёнак.

спатрэ́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

Зрасходаваць, выкарыстаць на што‑н. У Касцюкевіча было запісана надзіва ўсё дакладна: колькі ён страціў вугалю, колькі ўзяў вады, .. колькі спатрэбіў на бягучыя рамонты. Скрыган.

спатыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спатыкаць — спаткаць.

спатыка́цца ​1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спатыкнуцца.

2. Ісці, няспрытна, няёмка ступаючы (ад слабасці, стомы і пад.). Ад стомы .. [конь] хістаўся ў бакі, спатыкаўся. Мележ. Два разы прагна, глыбока зацягнуўся [Шура], і закружылася галава, стаў спатыкацца, як п’яны. Навуменка.

спатыка́цца ​2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спаткацца.

спатыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаткаць.

спатыка́ч, ‑а, м.

Гарэлка або спірт, настоеныя на мускатным арэху і прыправах.