спахмурне́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан спахмурнелага. Твар у Яраша змяніўся: зніклі складкі іранічнай усмешкі каля рота, спакой, задаволенасць, з’явілася спахмурнеласць і пакута, быццам чалавеку штосьці забалела раптам. Шамякін.
спахмурне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Я сядзеў ля адчыненага акна і з надзеяй пазіраў на спахмурнелае неба: хоць бы адзін прасвет. Шыловіч.
2. Які стаў панурым, сумным (пра чалавека). Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Колас. Па раптам спахмурнелым.. [Алесевым] твары Нікіфаровіч здагадаўся, што нешта нядобра. Броўка.
спахмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Неба спахмурнела. □ Дзень, які радаваў святлом і сонцам, к паўдню спахмурнеў. Якімовіч. Дзвіна ў момант спахмурнела. Хадкевіч. / у безас. ужыв. А за варотамі раптам спахмурнела. Васілевіч.
2. Стаць хмурным, панурым, сумным (пра чалавека). Яшчэ ўдзень.. [Алена] заўважыла, як спахмурнела Марына Міхайлаўна, чытаючы запіску. Паслядовіч. Алена раптам зрабілася задумлівай, твар яе спахмурнеў. Сабаленка. Нечакана я заўважыў, як спахмурнелі яго [Дзянісава] вочы. Гамолка.
спахо́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да спахапіцца.
спахо́плівы, ‑ая, ‑ае.
Які хутка рэагуе на што‑н.; жвавы, здагадлівы. Спахоплівы хлопец.
спаце́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты потам; потны. Змораны, спацелы, я адчапіў бароны, каб ехаць на абед. Грамовіч. Жанчыны сядзяць на мяхах, выціраюць спацелыя твары. Асіпенка. Госць пачынае пацепваць плячыма, бо спацелая кашуля ліпне да цела. Карамазаў.
2. Пакрыты вільгаццю; запацелы. Макар працёр спацелую шыбу далоняй і прыпаў да рамы. Дуброўскі. Ужо не было чаго і рабіць, а брыгадзір Апанас Высеўка ўсё хадзіў між тых пахучых мэдлікаў ды спацелыя каласы гладзіў. Бялевіч.
спаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Пакрыцца потам. Лоб.. [Сіўцова] спацеў, ад напружання спацела рука. Васілевіч. Андрэй пачуў, што і ён спацеў: мокра за плячыма. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца вільгаццю, кроплямі пары; запацець. У Зоі на вочы набеглі слёзы, акуляры адразу спацелі, стала кепска відаць. Арабей.
спа́цца, спіцца; пр. спалася; безас. незак.
Пра жаданне, магчымасць спаць. На свежым лясным паветры спалася моцна і смачна. Машара. Пагасаюць агні над сталіцай, Засынаюць кварталы Масквы... Толькі нам, падарожным, не спіцца. Глебка.
спа́цыр, ‑у, м.
Абл. Шпацыр. [Галаўня:] — Хадзем у кантору. — Чаго? — нахмурыўся Дыба. — У мяне ж работа. — Здаецца, і я не на спацыр выйшаў. Гроднеў.
спацырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Абл. Шпацыраваць. Каля дарогі спацыравалі вароны. Чорны. Стары палкоўнік.. спацыраваў па вуліцах. Бядуля.