Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.

2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.

3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка. // Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. // Разм. Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу. Брыль.

4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.

гаспада́рлівасць, ‑і, ж.

Здольнасць умела і эканомна кіраваць гаспадаркай (у 3, 4 знач.). Можна было.. здзіўляцца швагравым дастаткам і хваліць яго гаспадарлівасць. Брыль.

гаспада́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Эканомны, ашчадны, руплівы ў вядзенні гаспадаркі (пра чалавека). Кабета яна [Кацярына] гаспадарлівая — не можа дапусціць, каб «прадукцыя» псавалася. Скрыпка. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку. Кавалёў. // Уласцівы такому чалавеку; дзелавы, клапатлівы. Гаспадарлівыя рукі. □ Максімка ішоў і гаспадарлівым вокам аглядаў сенажаць. Гурскі.

гаспада́рнік, ‑а, м.

Той, хто кіруе гаспадарчай дзейнасцю ў якой‑н. галіне прамысловасць, сельскай гаспадаркі. Ціхан Піменавіч Бумажкоў стаў выдатным гаспадарнікам, вядомым кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў. Чорны. // Той, хто загадвае гаспадаркай якой‑н. установы, прадпрыемства і інш. У лагеры засталіся адны гаспадарскі і хворыя ды яшчэ некалькі чалавек аховы. Шахавец.

гаспада́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гаспадарніка, належыць яму. Гаспадарніцкая дзейнасць. □ Таварыш Міленькі згроб сваёй вопытнай рукою ўсю раскошу ў гаспадарніцкі вынослівы партфель. Брыль.

гаспада́рнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гаспадарнічаць.

гаспада́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і гаспадарыць.

гаспада́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і гаспадарлівы. Усё гэта [здзекі, пакуту] адчулі на сваім гарбе сяляне, а Мікола, гаспадарны селянін, самы рупны, але і бедны, — першы за ўсіх. Нікановіч.

гаспадаро́ў, ‑ова.

Які належыць гаспадару. Гаспадарова маёмасць. Гаспадарова сям’я.

гаспада́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гаспадара, належыць гаспадару; гаспадароў. Гаспадарская дачка. Гаспадарскі пакой.

2. Звязаны з дзейнасцю гаспадара (у 2 знач.). Настала лета, уцягнуўся Сцёпка ў гаспадарскую работу, нават думкам сваім не было калі аддацца. Колас. // Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); клапатлівы, руплівы. Міхась агледзеў гаспадарскім вокам градку, потым хутка пералічыў каласкі. Якімовіч.

3. Уласцівы гаспадару (у 4 знач.); уладны, упэўнены. Гаспадарскі тон. □ Нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Маўр.