Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сла́бенькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да слабы. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка.

слабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца слабым ці больш слабым (у 1, 2, 5, 7–9, 14 знач.). Дарога далёкая, цяжкая, коні слабеюць. Брыль. Ён [воўк] рэшту сіл ізноў збірае. Мацней на лапы налягае, Ды іх няма за што зацяць, Яны слабеюць, слізгацяць. Колас. З кожным днём слабела вастрыня зроку. Марціновіч. Пустаты няма. Там, дзе слабее палітычная работа, ажывае чужая ідэалогія. Дзенісевіч.

слабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, ад якога слабіць. Слабільная вада. Слабільны парашок. // у знач. наз. слабі́льнае, ‑ага, н. Лякарства, якое служыць для паслаблення кішэчніка.

слабіна́, ‑ы; мн. слабіны, ‑бін; ж.

1. Спец. Слаба нацягнутая частка снасці (дроту, каната, палотнішча і пад.).

2. Спец. Менш моцнае, менш трывалае месца ў чым‑н. Слабіна ў палярных ільдах. Перакосы, зазоры, слабіны, адставанні — заганы мэблі.

3. перан. Разм. Недахоп, слабае месца ў каго‑н., у чым‑н.

слабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

1. Спец. Памянш. да слабіна (у 1, 2 знач.).

2. перан. Разм. Тое, што і слабіна (у 3 знач.). Нават самыя сціплыя людзі не пазбаўлены звычайнай чалавечай слабінкі: беражна захоўваюць тое, што напісана пра іх. Дадзіёмаў.

слабі́цельны, ‑ая, ‑ае.

Які дапамагае хутка спаражніць кішэчнік. // у знач. наз. слабі́цельны, ‑ага, н. Лякарства, якое слабіць. Прымаць слабіцельнае.

сла́біць, ‑біць; незак.

1. безас. каго. Пра частае апаражненне кішэчніка. Яго ўвесь дзень слабіць.

2. Выклікаць паскоранае дзеянне кішэчніка; паслабляць.

слабкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які не туга аблягае; слабкі. Слабкаваты пояс.

сла́бкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які няшчыльна прылягае; завялікі (пра пояс, абутак, адзенне). Слабкая пятля. Слабкая шапка.

2. Нямоцна нацягнуты, слаба прыкручаны. Слабкая вяроўка.

сла́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Тое, што і слабець. Не еўшы, чалавек хутка слабне, і ногі не ідуць... Гарэцкі. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. І ўсё адно не слабне цікавасць да коласаўскай паэмы. Навуменка.