Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

скрыпі́ца, ‑ы, ж.

Разм. Скрыпка. А скрыпіца галасіла Смутнай восені дажджом, Адчувалася ў ёй сіла, Што лілася ручаём. Колас.

скрыпі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрыпкі. Скрыпічны смычок. Скрыпічныя струны. // Які выконваецца на скрыпцы, напісаны для выканання на скрыпцы. Скрыпічны канцэрт. Скрыпічная саната.

•••

Скрыпічны ключ гл. ключ (у 6 знач.).

скры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Самы высокі па тэмбру і дыяпазону чатырохструнны смычковы музычны інструмент. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. З дынаміка паплылі меладычныя гукі скрыпкі. Ваданосаў.

•••

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

скрыпнёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скрыпню. Скрыпнёвае лісце. // Зроблены, прыгатаваны са скрыпеню. Скрыпнёвая настойка.

2. у знач. наз. скрыпнёвыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца скрыпень, фуксія і інш.

скры́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да скрыпець.

скрыпу́н, ‑а, м.

Жук сямейства дрывасекаў.

скрыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які скрыпіць, вылучаецца скрыпам. Скрыпучыя дзверы. Скрыпучы снег. □ Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата. Брыль. Аднойчы раніцою Яўмен Шчырык павёз зяця на скрыпучай фурманцы да чыгуначнай станцыі. Пянкрат. // Рэзкі, падобны на скрып (пра голас, гукі). Скрыпучы голас. Скрыпучы смех. □ З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. За душу браў скрыпучы крык драча ў алешніку на рэчцы. Алешка.

скры́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан скрытага (у 2–4 знач.).

скры́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скрытнага (у 1 знач.). Гэта быў хлопец бадай старэйшы за ўсіх тут, яго недалюблівалі за скрытнасць. Чорны.

скры́тнічанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрытнічаць.