скры́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і скрыначны. Скрынкавыя дошчачкі.
скры́ня, ‑і, ж.
1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.
2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.
3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.
скрып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.
•••
За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.
Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).
скры́панне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыпаць.
скры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і скрыпець. Пад нагой масніца Рэзка скрыпае, Капае вада Ды ціха хліпае. Панчанка.
скрыпа́ч, ‑а, м.
Музыкант, які іграе на скрыпцы. Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом. Колас.
скры́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Памянш.-ласк. да скрыпка. Падрос музыка, зрабіў сабе скрыпачку ды пайшоў у свет. Якімовіч.
скрыпа́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да скрыпач.
скрыпе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. скрыпець (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Скрыпенне варот. Скрыпенне палазоў.
скры́пень, ‑ю, м.
Высокая травяністая расліна сямейства скрыпнёвых з мяцёлкай пурпурна-ружовых або белых кветак і пушыстым насеннем.
скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.
2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.