сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.
сіне́ча, ‑ы, ж.
Сіні колер чаго‑н. [Сцяпан] ласкава ўсміхаўся.. [дзецям], падміргваў, і густая сінеча яго журботных вачэй паступова пакарыла іх. Ракітны. Тым дзіўна, хто прыйдзе аднекуль: Лён сіні ў палях да пляча, Сінеча ў азёрах і рэках, І вечна — ў дзявочых вачах. Калачынскі. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора, неба, паветра). Мая зорка яшчэ недзе іскрыцца ў бяздоннай сінечы. Бажко. // Сіні туман, смуга. Поле зацягнулася мутнаю сінечаю. Грахоўскі. Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі іх, .. дзе маўклівая далечыня, атуліўшыся танюсенькаю наміткаю сінечы, думае нейкую адвечную сваю думку. Колас.
сі́ні, ‑яя, ‑яе.
Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра — сярэдняга даміж блакітным і фіялетавым. Сіняе неба ўсе сонцам заліта. Колас. Сіні змрок пасоўваўся з паплавоў. Чорны. Сіняя маланка ўзрэзала дажджавую муць. Самуйлёнак. Паплылі Дняпровы хвалі Ажно ў сіне мора. Купала. Сінія вочкі на месяц глядзяць. Грамыка. // Які мае адценне гэтага колеру (пра твар і скуру чалавека). Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Тварык яго быў сіні, жаўтлявы. Шамякін. Губы ў нас былі сінія, а зубы дробненька ляскалі — гэта ад вады і холаду. Адамчык.
•••
Сіні камень гл. камень.
сінізна́, ‑ы, ж.
Разм. Сіні колер чаго‑н. Калі ўвесь час глядзець угору, то можна ўбачыць, як на лёгкай сінізне неба гэтак жа павольна, як і хмаркі, ляціць бялюткае павуцінне. Алешка. // Сіняватае адценне чаго‑н. Чалавек у пенснэ разгарнуў зялёную папку, выцягнуў батыставую хустачку, правёў ёю па чорных да сінізны вусах. Асіпенка.
сіні́льны 1, ‑ая, ‑ае.
У выразе: сінільная кіслата гл. кіслата.
сіні́льны 2, ‑ая, ‑ае.
Фарбавальны. У Пермскай губерні рамяство яшчэ вельмі развіта, параўнаўча з цэнтральнай Расіяй: дастаткова спаслацца на такі промысел, як сінільны (або фарбавальны). Ленін.
сіні́ца, ‑ы, ж.
Пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем. Толькі сініц чамусьці не відаць — ні сініх, ні звычайных. Якімовіч. «Каму ты ўсходзіш, сонейка? Каму цвітуць сады? Каму пяюць у сасонніку Сініцы і дразды?» Панчанка. Настойліва, наперабой цінькаюць сініцы. Навуменка.
сіні́цца, сініцца; незак.
1. Фарбавацца ў сіні колер. Мора сініцца сінім алоўкам. Бядуля.
2. Падсіньвацца (пра бялізну).
3. Зал. да сініць.
сіні́ць, сіню, сініш, сініць; незак., што.
1. Фарбаваць у сіні колер. Сініць тканіну. / у перан. ужыв. Ночка сініць хвалі, Многа сіні ў іх. Бядуля.
2. Паласкаць у вадзе з разбаўленай у ёй сінькай; падсіньваць. Сініць фіранкі.
сіні́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сініцы, уласцівы ёй. Сінічы свіст каля двара, і з клёна, як з календара, лісты зрывае восень. Вялюгін.
сінкапі́раванне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сінкапіраваць.