Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нагу́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для адкорму. Нагульныя авечкі. Нагульны маладняк. // Атрыманы ў выніку нагулу. Нагульны тлушч. // Прызначаны для нагулу жывёлы, рыбы. Нагульныя сажалкі. // Які займаецца развядзеннем жывёлы, рыбы для нагулу. Нагульная гаспадарка.

нагуля́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад нагуляць (у 1–3 знач.).

нагуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Доўга, уволю пагуляць дзе‑н. Нагуляцца ў лесе. □ І вырас [Міша] і нагуляўся як мае быць. Якімовіч. // Многа, уволю павесяліцца. А калі нагуляліся і нагаварыліся, госці селі за стол. Колас.

2. Многа, уволю пагуляць у якую‑н. гульню. Нагуляюцца [шахматысты] бывала так, што калі пакладуцца вечарам спаць, дык і шахматная дошка, і фігуры... доўга стаяць у вачах. Колас.

нагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. што і чаго. Пасучыся, стаць тлустым, прыбавіць у вазе (пра жывёлу). // Разм. Ад спакойнага, добрага жыцця стаць, зрабіцца поўным, тлустым (пра чалавека).

2. што. Разм. Гуляючы, набыць што‑н. Нагуляць апетыт. // каго-што. Груб. Стаць цяжарнай, нарадзіць дзіця, не будучы замужам. — Хэ, — абазваўся другі голас, — ціхая-ціхая [Люба], а чэрава нагуляла. Чорны.

3. што і чаго. Разм. Гуляючы ў якую‑н. гульню, выйграць што‑н. Нагуляць грошай.

4. Разм. Правесці нейкі час гуляючы; нагуляцца (у 1 знач.). Па Федзьку выходзіў бацька з папружкаю. — Я вось табе нагуляю, — гаварыў ён, складваючы папружку ўдвая. Арабей.

нагу́шкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Уволю, многа пагушкацца.

нагэ́тулькі, прысл.

Разм. Тое, што і настолькі. Раптам сярод разнастайных галасоў вылучыўся свіст гарадавіка; ён быў нагэтулькі зычным, што пасажыры абярнуліся ў бок задніх дзвярэй. Гартны.

над, прыназ. з Т і В.

Спалучэнне з прыназ. «над» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго‑н. зверху, паверх каго- ці чаго‑н. Туман сцелецца над полем. Сцягі над горадам. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Колас. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Лынькоў. І над Расіяй назаўсёды Зару Кастрычнік запаліў. Астрэйка. // Пры словах «рака», «возера», «балота» і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да таго, што названа залежным словам. Гарадок над Дзвіной. □ Шкода хаткі мне старэнькай З латанай страхою, Што схілілася над Нёмнам Горкай сіратою. Колас. Каля млына над возерам устае, быццам белая воўка, пахучы туман... Бядуля. // Ужываецца для ўказання на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што‑н. Раніца ярка Зардзіць над зямлёй. Купала.

Аб’ектныя адносіны

2. з Т. Ужываецца для абазначэння адносін дзеяння да якіх‑н. аб’ектаў, накіраванасці яго на што‑н., засяроджанасць на чым‑н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. □ Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго‑н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна. □ [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над .. [Сержам]. Чорны. Тварыў [баярын] закон свой і свой суд Над абнядоленым народам. Купала.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога‑н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго‑н. (са словамі «смяяцца», «плакаць», «галасіць», «гараваць» і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над стратай. □ Сумна вецер плакаць стане Над будынкам мужыкоў. Колас.

Адносіны меры і ступені

4. з Т. Разм. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго‑н. Мароз над маразамі. □ Я — пралетар!.. Яшчэ ўчора раб пакутны — Сягоння я зямлі ўладар І над царамі цар магутны! Купала.

Параўнальныя адносіны

5. з В. Уст. Ужываецца пры называнні аб’екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай.

над... (а таксама над’..., нада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў са значэннямі:

1. Павелічэнне, пашырэнне прадмета да пэўнай мяжы, нормы, напрыклад: надбудаваць, надтачыць, надставіць, надвязаць, надклеіць, надшыць.

2. Няпоўны ахоп прадмета дзеяннем, няпоўнае дзеянне, напрыклад: надкапаць, надпіць, надламаць, надпілаваць.

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў са значэннем больш высокага становішча, напрыклад: надброўе, надгартанны.

над’..., прыстаўка (гл. над...).

Ужываецца замест «над» перад галоснымі «е», «я», напрыклад: над’ехаць, над’ядаць.

нада, прыназ. з Т.

Ужываецца толькі ў спалучэнні «нада мною (мной)». Тое, што і над (у 1, 2 і 3 знач.). Ой вы, думкі, думкі, Сэрца майго раны! Ці вы мае дзеці, Ці вы кім пасланы? Што ж вы забіліся Віхрам нада мною, І няма ніколі Мне ад вас спакою? Колас. Адшумелі буры нада мной. Звонак.