гарэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і гарэзлівы. Вясёлыя і гарэзныя птушкі ўсё часцей распачынаюць між сабою шумныя заўзятыя бойкі. В. Вольскі. Гарэзныя агеньчыкі, якія так любіла Валя, замільгалі ў блакітных вачах Гусаковіча. Паслядовіч.
гарэ́лачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гарэлкі 2. Гарэлачны пах.
гарэ́ліца, ‑ы, ж.
Нар.-паэт. Гарэлка 2. Піце гарэліцу, госцейкі, піце, Слаўную Ганначку нашу любіце. Першай з брыгадай яна ўставала, Першай на поле ішла, працавала. Танк.
гарэ́лішча, ‑а, н.
Тое, што і пажарышча. // Выгаралае месца ў лесе. Аматары.. ідуць са сваімі кошыкамі збіраць смаржкі. Гэта першыя грыбы нашых лясоў, якія растуць на пагорках, гарэлішчах. «Беларусь».
гарэ́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Прыстасаванне для спальвання гаручай вадкасці або газу з пэўнай мэтай. Газавая гарэлка.
гарэ́лка 2, ‑і. ДМ ‑лцы, ж.
Моцны алкагольны напітак; сумесь віннага спірту з вадой. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель.. стукнуў яму ў галаву. Колас.
•••
Царская гарэлка — сумесь азотнай і салянай кіслот, якая растварае золата, плаціну і некаторыя інш. металы.
гарэ́лкі, ‑лак; адз. няма.
Рухавая гульня, удзельнікі якой становяцца парамі, а той, хто «гарыць», стаіць наперадзе і па сігналу ловіць аднаго з першай пары, якая разбягаецца ў розныя бакі.
гарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Абпалены, папсаваны агнём. Гарэлы хлеб. Гарэлае палена. □ Грушу-бэру старанна Ад гарэлай кары Абчышчае стары. Броўка. / у знач. наз. гарэ́лае, ‑ага, н. [Зорын] убачыў вялікае зарыва, адчуў пах гарэлага. Гурскі.
гарэлье́ф, ‑а, м.
Скульптурны твор, у якім фігура выступае над плоскасцю больш чым на палавіну свайго аб’ёму.
[Фр. haut-rélief.]
гарэлье́фны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гарэльефа.
гарэ́м, ‑а, м.
1. Жаночая палавіна дома ў мусульман.
2. зб. Жонкі і наложніцы мусульманіна.
[Араб. харам — забароненае.]