Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

самакарму́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Аўтаматычнае прыстасаванне для самастойнага кармлення жывёлы пры бесстаночным утрыманні яе.

самака́т, ‑а, М ‑каце, м.

1. Уст. Назва веласіпеда, матацыкла, аўтамабіля.

2. Прыстасаванне па колцах або роліках, на якім катаюцца дзеці пры адштурхоўванні ад зямлі нагой. Па тратуарах грукацелі на самакатах хлапчукі — мурзатыя, у падраных на каленях портачках. Савіцкі.

3. Механічнае рухальнае прыстасаванне. Па самакату Бервяно Ідзе пад нож Варштата. А. Александровіч.

самакатава́нне, ‑я, н.

Катаванне самога сябе; прычыненне сабе фізічных або маральных пакут. Адчуванне віны даводзіла.. [Сымона Карызну] да страшэнных згрызот, да душэўнага самакатавання. Зарэцкі.

самака́там, прысл.

Пад дзеяннем сіл сваёй вагі, сілы ўласнага цяжару. Бярвёны рухаліся самакатам.

самака́тны, ‑ая, ‑ае.

Які рухаецца на самакатах, самакаце.

самака́тчык, ‑а, м.

Устарэлая назва ваеннаслужачага самакатнай часці. [Сапёр:] — А там ужо з гары і самакатчыкі смаляць, матацыклы з чатыры ўзбілася на мост... Бяжыце, бяжыце, думаю... Ну, значыцца, і ўзарваў... Лынькоў.

самакірава́льнасць, ‑і, ж.

Аўтаматычны рух чаго‑н. па зададзенаму курсу. Самакіравальнасць ракеты.

самакірава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае аўтаматычнае кіраванне. Самакіравальны снарад.

самакірава́нне, ‑я, н.

1. Форма кіравання, парадак, пры якім арганізацыя, таварыства, гаспадарчая, адміністрацыйная адзінкі і пад. самастойна вырашаюць пытанні ўнутранага кіравання. Самакіраванне кааператыва. // Выбарная ўстанова, якая ажыццяўляе такое кіраванне. Гарадское самакіраванне.

2. Самастойнае вырашэнне якой‑н. дзяржаўнай адзінкай пытанняў ўнутранага заканадаўства і кіравання. Барацьба калоніі за права на самакіраванне. □ У XVI ст. многія гарады Беларусі дабіліся мясцовага самакіравання, якое пазней стала вядомым пад назвай «Магдэбургскага права». Алексютовіч.

самакірава́цца, ‑руецца; незак.

Карыстацца правам самакіравання.