Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

самазато́чвацца, ‑аецца; незак.

Спец. Заточвацца ў працэсе работы (пра рэзальны інструмент, дэталі пэўных прыстасаванняў).

самазахава́нне, ‑я, н.

Імкненне захаваць сваё жыццё, засцерагчы сябе ад небяспекі. Інстынкт самазахавання. □ Але засцярога і голас самазахавання бяруць верх, і.. [Лабановіч] кажа: — Ведаеце, Аксён, мы аб гэтым пагаворым як-небудзь другім разам, пагаворым так, каб ніхто не ведаў. Колас.

самазахапле́нне, ‑я, н.

Захапленне сабой, сваімі здольнасцямі, знешнім выглядам; самалюбаванне.

самазберажэ́нне, ‑я, н.

Тое, што і самазахаванне. Да чаго ж моцны гэты жывёльны інстынкт самазберажэння! Мележ.

самазва́л, ‑а, м.

1. Грузавы аўтамабіль з кузавам, які механічна перакульваецца, а таксама кузаў гэтага аўтамабіля. На платформах стаялі новенькія мінскія самазвалы і пад’ёмнікі «Піянеры», вагоны былі загружаны цэглаю і сухім тынкам. Грахоўскі. Экскаватар працуе з самае раніцы. Натужна пыхкае, чмыхае ды ўсё глыбей у зямлю ўгрызаецца, коўш за каўшом набірае пясок і ў самазвалы насыпае. Кавалёў.

2. Транспартны сродак, які механічна звальвае груз. Баржа-самазвал.

самазва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самазвала, належыць яму. Самазвальны механізм.

самазва́нец, ‑нца, м.

Той, хто выдае сябе за іншага чалавека, незаконна прысвойвае сабе чужое імя, званне.

самазва́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да самазванец.

самазва́нства, ‑а, н.

Незаконнае прысваенне сабе чужога імя, звання.

самазва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які самавольна, незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званне. — Цікава, а што скажа самазваны старшыня Зубкоўскі? — спытаўся Швец. Гурскі. Стрэльбай грукнуў у дзверы: «Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!» Куляшоў.

2. Разм. Які па сваёй ініцыятыве ўзяўся за якую‑н. справу. Назло прарокам самазваным, Што глуха каркаць пачалі, Спявайце [юныя паэты] спевам нечуваным На мове любай вам зямлі! Гілевіч.