Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Нешырокая, невялікая рака. Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў непрыкметнай сцежкай проста туды, дзе з празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Абросшая вербамі, спакойна цякла рэчка каля самых хат. Колас.

рэ́чыва, ‑а, н.

Тое, з чаго складаецца фізічнае цела; матэрыя. Арганічнае рэчыва. Выбуховае рэчыва.

•••

Абмен рэчываў гл. абмен.

Крытычны стан рэчыва гл. стан.

рэчытаты́ў, ‑тыву, м.

Напеўная размова ў вакальна-музычным творы. Пачуўся голас спевака, які не столькі спяваў, колькі гаварыў рэчытатывам. Грамовіч. // Пра манеру гаварыць нараспеў або пець, напеўна дэкламуючы. І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам. Караткевіч.

[Іт. recitativo.]

рэчытаты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэчытатыву. Рэчытатыўная фраза.

рэ́чыўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан рэчыўнага.

рэ́чыўны, ‑ая, ‑ае.

1. Матэрыяльны, прадметны, фізічны. Рэчыўны свет.

2. У лінгвістыцы — які абазначае назву рэчыва. Рэчыўныя назоўнікі.

рэ́чышча, ‑а, н.

1. Паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака. За манастырскімі садамі рака зноў зліваецца ў адно рэчышча, утвараючы вялікі, выцягнуты востраў. Лобан. [Свіслач] выходзіла з берагоў, заліваючы ўсе нізкія мясціны ўздоўж рэчышча. Лужанін. Летам такія рэчкі перасыхаюць, і тады мясцовыя жыхары нярэдка ходзяць і ездзяць па сухіх камяністых рэчышчах, як па дарогах. В. Вольскі.

2. перан. Напрамак, шлях, па якім ідзе развіцця чаго‑н. [Жэні] вельмі пасуе роля гаспадыні: умее запрашаць, камандаваць хлопцамі, накіраваць гаворку ў патрэбнае рэчышча. Навуменка. У рэчышчы асноўных заканамернасцей развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся творы М. Багдановіча па пытаннях эстэтыкі. Лойка. У рэчышчы рамантычных традыцый развівалася таксама творчасць Міхася Сеўрука. Шматаў.

рэ́чышчавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэчышча. Рэчышчавая частка катлавана.

рэ́шата, ‑а, М ‑шаце; мн. рашо́ты (з ліч. 2, 3, 4 рэ́шаты), рашо́таў; н.

1. Рэч хатняга ўжытку для прасейвання мукі і пад. у выглядзе шырокага абруча з сеткай. У сенцах Мацвей падсяваў у рэшаце жыта. Чорны. Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рашотамі. Бядуля.

2. Агульная назва прыстасаванняў у зернеачышчальных, сартавальных і пад. машынах.

•••

Галава як рэшата гл. галава.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Цуды ў рэшаце гл. цуд.

рэ́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Бок манеты, адваротны гербаваму малюнку. [Вартавы:] — Э, не! Хітры! Давай на «арла» пагадаем! Арол — ты ідзеш, рэшка — я... Мележ.