Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэ́шта, ‑ы, ДМ ‑шце, ж.

1. Частка чаго‑н., якая засталася, не выкарысталася; астача, астатак. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. Шамякін. Салдаты дзялілі свой паёк на дваіх, а рэшту аддавалі дзецям і жанчынам. Кухараў. // Тое (тыя), што асталося (асталіся) пасля падзелу, адыходу каго‑, чаго‑н. [Сушко:] — Скажы, дзе рэшта з вашай кампаніі і дзе хаваецца награбленае вамі дабро? Колас. Уся рэшта групы — восем чалавек — трымалася чынна, не выскаквала з гутаркамі. Пестрак. — Гэтымі днямі выезд у поле, — гаварыў Апанас. — Мусіць, Нахлябічавы і Сегенецкага коні самая сіла. [Якуб:] — Самая сіла. Рэшта ўсё — так сабе. Чорны.

2. Частка якога‑н. адрэзка часу ці адлегласці, якая засталася яшчэ нявыкарыстанай ці непераадоленай. А вось рэшту дня дык ужо дома .. [Ганку] не ўтрымаеш. Якімовіч. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас.

3. Здача. — Малады чалавек! — паклікаў яго прадавец. — Вы ж хоць рэшту вазьміце. Ваданосаў.

•••

У рэшце рэшт — у канчатковым выніку, нарэшце. — Якая, у рэшце рэшт, мне справа да ўсяго гэтага?! — ускіпеў Балуеў. Гурскі.

рэ́штка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Тое, што і рэшта. З вялікаю і незразумелаю асалодаю [Іван і Джулія] праглынулі хлеб — апошнюю рэштку свайго прыпасу. Быкаў. Камандаваць рэшткай узвода, што засталася на месцы, Арсень пакінуў камандзіра першага аддзялення. Хадкевіч. Раздаўшы ўсё ўдзельнікам аркестра, .. [хлапчук] рэштку вольнага часу аддаваў толькі бацьку. Лынькоў.

2. звычайна мн. (рэ́шткі, ‑аў). Тое, што яшчэ захавалася, уцалела (ад разбурэння, гібелі і пад.); астаткі. На месцы, дзе некалі стаяла хата, грудамі ляжала ў дзікай траве размытая дажджамі гліна, рэшткі печы. Галавач. Рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.

рэ́шткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца нявыкарыстаным, які не зрасходавалі. Рэшткавыя сумы.

2. Які страціў сваё значэнне ў працэсе развіцця. Рэшткавыя з’явы.

рээвакуацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рээвакуацыі. Рээвакуацыйная камісія.

рээвакуа́цыя, ‑і, ж.

Зварот у ранейшыя месцы, адкуль была зроблена эвакуацыя. Рээвакуацыя музея.

рээвакуі́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рээвакуіраваць.

2. у знач. наз. рээвакуі́раваны, ‑ага, м.; рээвакуі́раваная, ‑ай, ж. Той (тая), хто вярнуўся ці варочаецца з эвакуацыі. Едуць рээвакуіраваныя.

рээвакуі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Вярнуцца (варочацца) з эвакуацыі.

2. толькі незак. Зал. да рээвакуіраваць.

рээвакуі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Вярнуць (варочаць) назад пасля эвакуацыі. Рээвакуіраваць завод.

[Ад лац. re — назад і эвакуіраваць.]

рээ́кспарт, ‑у, М ‑рце, м.

Экспарт, вываз з краіны тавараў, якія былі раней прывезены з-за мяжы.

рээкспартава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да рээкспартаваць.