Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разві́днівацца, ‑аецца.

Незак. да развіднецца.

разві́дніваць, ‑ае.

Незак. да развіднець.

развідня́цца, ‑яецца.

Незак. да развіднецца.

развідня́ць, ‑яе.

Незак. да развіднець.

разві́лак, ‑лку, м.

Разм. Тое, што і развілка. На развілку дарог Сымон спыніў каня. Лупсякоў.

разві́ліна, ‑ы, ж.

1. Раздвоены ствол, сук і пад., а таксама месца, дзе пачынаецца раздваенне. Развіліны рог. □ Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін. Колас.

2. Месца разыходжання (звычайна надвае) дарогі і пад. Для свайго майстравання дзед выбраў месца ў развіліне рэчкі і ручайка, дзе было намыта многа дробнага белаватага пяску. Рылько.

разві́лісты, ‑ая, ‑ае.

З развілінай. Развілісты сук.

разві́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца, разыходзіцца (звычайна на дзве часткі). [Бусел] аблюбаваў зручную развілку метраў на пятнаццаць ад зямлі, пачаў цягнуць туды галлё і рабіць гняздо. Самусенка. Мы ляжалі на зялёнай мураве непадалёку ад развілкі дарог, дзе стаяць слупы з указальнікамі. Навуменка. Вёска ляжала ў развілцы дзвюх гразкіх і балотных рачулак. Танк.

2. Месца, дзе разыходзяцца дарогі, вуліцы і пад. Па Маскоўскай вуліцы аўтобус нырнуў пад Заходні мост, затрымаўся на развілцы і рушыў прама. Новікаў. — Дойдзеш да развілкі на Ружанскай шашы, чакай. Карпюк.

развіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да развінуцца.

развіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развінуць.