Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэлі́квія, ‑і, ж.

1. Прадмет рэлігійнага пакланення, які, паводле ўяўленняў веруючых, мае цудадзейную сілу.

2. Прадмет, які беражліва захоўваецца як памяць аб мінулым. З маленькаю латкай і локцем працёртым Вісіць у кутку на цвіку гімнасцёрка — Мая франтавая рэліквія. Панчанка.

[Ад лац. reliquiae (мн.) — астаткі, астанкі.]

рэлі́кт, ‑а, М ‑кце, м.

Рэч, арганізм або з’ява, якія засталіся як перажыты ад старажытных эпох.

[Ад лац. relictus — пакінуты.]

рэлі́ктавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэлікта; які з’яўляецца рэліктам. Рэліктавая расліна.

рэлі́н, ‑у, м.

Гумавы ліставы або рулонны двухслаёвы матэрыял для пакрыцця падлогі; заменнік лінолеуму.

рэлье́ф, ‑у, м.

1. Будова зямной паверхні. Рэльеф Беларусі. Гарысты рэльеф. □ Павел мог пайсці ўлева, мог павярнуць направа. Ён выбраў раўнінны рэльеф, які цягнуўся кіламетраў на трыста. Шыцік.

2. Выпуклы адбітак, малюнак на плоскасці; выпукласць. Сцены храма ўпрыгожаны рэльефамі. «Полымя».

рэлье́фнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рэльефнага. Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела. Караткевіч.

рэлье́фны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выступае над паверхняй, выпуклы. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. Горад ляжаў унізе, быццам на рэльефнай карце. Мележ.

2. перан. Выразны, ясны.

рэлятыві́зм, ‑у, м.

Ідэалістычнае філасофскае вучэнне, якое адмаўляе магчымасць аб’ектыўнага пазнання свету на падставе адноснасці ўсіх нашых ведаў.

[Ад лац. relativus — адносны.]

рэлятыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік рэлятывізму.

рэлятыві́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэлятывізму, да рэлятывіста. Рэлятывісцкія погляды.