рэко́рдны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца рэкордам; найвышэйшы, найбольшы. Рэкордны ўраджай. Рэкордная лічба. □ Хоць мясцовыя спартсмены і не паказалі рэкордных вынікаў, але самыя гарачыя апладысменты дасталіся іменна ім. «Звязда».
рэ́крут, ‑а, М ‑руце, м.
Гіст. У дарэформеннай царскай Расіі — салдат-навабранец. Рэкрут, якога на службу вялі, Выгнаны з хаты нябога, Разам са жменькай бацькоўскай зямлі Браў абразок у дарогу. Лось. За.. час [25‑гадовай службы ў салдатах] бацькі рэкрута паміралі, жонка выходзіла за другога, і калі салдат вяртаўся дадому, яму не было дзе прытуліцца, не было за што рук зачапіць. Саламевіч.
рэкрутава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да рэкрутаваць.
рэкрутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго.
1. Кніжн. уст. Узяць (браць) у рэкруты.
2. Кніжн. Набраць (набіраць) людзей для чаго‑н.
рэкру́тчына, ‑ы, ж.
Рэкруцкая павіннасць. Цяжкая салдацкая служба цару і рэкрутчына паслужылі паэтычным матэрыялам для многіх народных песень. «Полымя».
рэкру́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэкрута. Рэкруцкі набор. Рэкруцкая павіннасць. Рэкруцкія песні.
рэкрышталіза́цыя, ‑і, ж.
Працэс змены крышталічнага стану цела пад уздзеяннем розных фізічных фактараў, але без расплаўлення або растварэння цела.
рэкрэацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да рэкрэацыі.
рэкрэа́цыя, ‑і, ж.
Уст. Перапынак паміж урокамі ў школе. Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор. Караткевіч.
[Ад лац. recreatio — адпачынак.]
рэ́ктар, ‑а, м.
1. Кіраўнік універсітэта і некаторых іншых вышэйшых навучальных устаноў.
2. Кіраўнік духоўных навучальных устаноў.
[Ад лац. rector — кіраўнік.]