развесялі́цца, ‑весялюся, ‑вяселішся, ‑вяселіцца; ‑вяселімся, ‑вяселіцеся; зак.
Прыйсці ў вясёлы настрой, стаць вясёлым. За чаркай моцнай анісаўкі.. [войт] трошкі палагаднеў і нават развесяліўся. Бажко.
развесялі́ць, ‑весялю, ‑вяселіш, ‑вяселіць; ‑вяселім, ‑вяселіце; зак., каго-што.
Прывесці ў вясёлы настрой. Развесяліць кампанію. □ Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас.
развесяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да развесяліць.
разве́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад развесіць, развешаць.
разве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Павесіць у розных месцах. Развешаць партрэты.
разве́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. развешваць — развесіць.
разве́швацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да развесіцца.
2. Зал. да развешваць.
разве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да развесіць.
разве́яны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад развеяць.
разве́яцца, ‑веюся, ‑веешся, ‑ваецца; зак.
1. Разысціся ў розныя бакі ад павеву, подыху ветру. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Краўчанка. // перан. Знікнуць, прапасці, рассеяцца. — Цьфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Таццяны, і страх яе развеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі. Колас. Жонкі, якая не магла яму парадзіць ні сына, ні дачкі, .. [Аўгуст Эрнеставіч], аднак, не пакінуў. З гадамі крыўда растварылася, развеялася ў жыццёвых клопатах. Навуменка.
2. Разм. Адысці ад якіх‑н. думак, перажыванняў. — А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць. Краўчанка. Удзень Міхась хадзіў на работу. Хадзіў, каб паслухаць людзей, развеяцца ад хатняй нясцерпнай тугі. Асіпенка.