шлам, ‑у, м.
Спец.
1. Асадак пры электролізе некаторых металаў, у якім ёсць звычайна высакародныя металы.
2. Глеісты асадак каменнага вугалю ці руды пры мокрым абагачэнні.
3. Нерастваральныя ў вадзе злучэнні, якія асядаюць у паравых катлах у выглядзе глею ці цвёрдых кавалкаў.
4. Асадак у выглядзе дробных цвёрдых часціц, які выдзяляецца пры адстойванні, фільтраванні вады.
[Ням. Schlamm — глей, гразь.]
шла́мавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да шламу.
шламаправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Спец. Трубаправод для транспарціроўкі шламу.
шланг, ‑а, м.
Гнуткая труба або рукаў для адводу, перадачы і пад. вадкасцей, сыпучых рэчываў, газу. Дзядзька Ігнат стаяў.. перад домам, глядзеў, як нейкі таўставаты чалавек у піжаме паліваў са шланга газон з кветкамі. М. Стральцоў. Побач ляжаў другі, шырокі шланг гідраманітора, які засмоктваў чорную зямлю і выкідаў яе на паверхню. «ЛіМ».
[Ням. Schlange.]
шла́нгавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шланга; аснашчаны шлангам, са шлангам. Шлангавае злучэнне. Шлангавая сістэма.
шлапакі́, ‑оў; адз. шлапак, ‑а, м.
Абл. Шлёпанцы. Акуліна ўнесла пакунак, напусціла холаду, навалакла шлапакамі снегу. Брыль.
шлегану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Абл. Сцебануць. Язэп ускочыў на воз, дзе ўжо сядзела з дзецьмі жонка, шлегануў па кані. Місько.
шле́ечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шлейкі (у 1 знач.).
шле́йка, ‑і, ДМ шлейцы; Р мн. шлеек; ж.
1. Стужка ці палоска тканіны, перакінутая цераз плячо, якая падтрымлівае спадніцу, сарочку, ліфчык і пад.
2. толькі мн. (шле́йкі, шлеек). Падцяжкі. Штаны на шлейках.