Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

убра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся, убяруцца; зак.

1. Набыць прыгожы выгляд, стаць прыгожым. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў [к]вецень вясновую — дрэвы садоў. Хведаровіч. // Прыгожа адзецца, прыбрацца, разадзецца; выстраіцца. Убрацца ў святочны касцюм. □ [Міхаліна:] — А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Шамякін.

2. Разм. Управіцца з уборкай ураджаю. [Ганна:] — Напішы, Алеська, што ўбраліся са збажыною. Скрыган.

•••

Убрацца ў пер’е — абжыцца, палепшыць матэрыяльнае становішча, пачаць жыць самастойна.

убра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце, убяруць; зак., што.

1. і без дап. Сабраць ураджай (сельскагаспадарчых культур). Убраць буракі машынамі. □ [Дзед Паўлюк:] «Надвор’е ж добрае — убяром на славу!» Корбан.

2. Надаць прыгожы выгляд, упрыгожыць. Убраць партрэты вянкамі. / Пра лісце, іней і пад. Убрала восень навакол Палі і луг страката. Кірэенка.

убро́д, прысл.

Ідучы (едучы) па дне ракі, возера і пад. (у неглыбокім месцы); проціл. уплаў. [Лабановіч з ураднікам] селі ў брычку, праехалі Мікуцічы, адтуль цераз Нёман, уброд, выбраліся на дарогу. Колас. Уброд пераходжу праз плёс. Мне дзіўна і незразумела: Ці сам я настолькі падрос, Ці гэтак яна [рака] памялела. Аўрамчык.

убрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад убрукаваць.

убрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Разм. Забрукаваць поўнасцю, цалкам; выбрукаваць. Убрукаваць усю вуліцу.

убруко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да убрукаваць.

убрыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Ударыць, выцяць задняй нагой, заднімі нагамі (пра капытных жывёл). Конь хадзіў на выгане, ніяк не хацеў лавіцца і нават два разы ўбрыкнуў Юзіка. Крапіва.

2. перан. Разм. Пакрыўдзіць, зняважыць. Лемяшэвіч, праўда, ведаў, што не надта любіць яго Арэшкін і што чалавек гэты здольны пры выпадку ўбрыкнуць знянацку. Шамякін.

убудава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. убудаваць.

убудава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад убудаваць.

убудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

Пабудаваць, збудаваць унутры чаго‑н.