Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гагау́зы, ‑аў; адз. гагауз, ‑а, м.; гагаузка, ‑і, ДМ ‑зцы; мн. гагаузкі, ‑зак; ж.

Народ, па культуры блізкі да балгар, які жыве ў Малдаўскай і Украінскай ССР, а таксама ў Балгарыі і Румыніі.

га́гаць, ‑ае; незак.

Крычаць, гагатаць (пра гусей). Нажыраваўшыся за дзень, .. [гусі] ціха, але вельмі задаволена гагалі. Сташэўскі.

гага́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гагі, належыць ёй. Гагачы пух. Гагачы крык.

гад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Змяя, гадзюка. [Бусел] ляціць з небасхілу, нішчыць гадаў гатовы... Дубоўка.

2. Разм. лаянк. Пра агіднага, шкоднага чалавека. Ота зірнуў на гаспадара, як на гадзюку, і спакойна сказаў: — Гад! Гнілая калода! Бядуля. Вораг ёсць вораг: грабежнік і кат, Не вер яму, гаду. Колас.

•••

Гад печаны — тое, што і гад (у 2 знач.).

гадава́льнік, ‑а, м.

Месца для развядзення і вырошчвання раслін або жывёл. Пладовы гадавальнік. □ Бярэзінскі запаведнік з’яўляецца.. гадавальнікам для захавання і развядзення баброў. В. Вольскі.

гадава́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гадавальніка.

гадава́нец, ‑нца, м.

Дзіця, юнак, увогуле чалавек у адносінах да свайго выхавацеля. Пажылы мастак-педагог прывіваў сваім гадаванцам любоў да партрэтнага жанру. Ліс. // Чалавек у адносінах да якой‑н. арганізацыі, ідэі якой ён засвоіў. Гадаванец ленінскага камсамола. // Вырашчаная, выгадаваная расліна або жывёліна. Неўзабаве на дзялянцы Акуратна, рад у рад, Падрасталі гадаванцы. Кляўко.

гадава́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да гадаванец.

гадава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. гадаваць (у 1, 2 знач.).

гадава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.

1. Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады; расці. Дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў. Колас. // Жыць, вырастаць (пра свойскіх жывёл, птушак). На ферме гадуюцца сотні цялят.

2. Зал. да гадаваць.

•••

Як гадуешся(цеся) — як справы, як жывецца.