блішча́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае гладкую, бліскучую паверхню, які адбівае прамені святла. На чалавеку быў сіні гарнітур, да самай шыі зашпілены на блішчастыя гузікі. Васілёнак. Да ліфта трэба было прабегчы цераз нізкі, прасторны, вылажаны жоўтым блішчастым паркетам хол. Скрыган. Чорная блішчастая машына спынілася ля хаткі Грушкавай маці. Пестрак.
блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.
1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.
2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.
•••
Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.