узако́ньванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узаконьваць — узаконіць.
узако́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да узаконьваць.
узако́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узаконіць.
узаме́н, прысл. і прыназ.
1. прысл. У абмен, замест аднаго што‑н. другое. Вадзік саступіў на просьбу хлапчука, зняў са штаноў папружку і аддаў узамен па ножык. Гамолка. [Тарасюк:] — Няхай не крыўдуюць [вашы] мужчыны, што мы забралі іхнюю вопратку і нічога не можам пакінуць узамен. С. Александровіч.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «узамен» вырашае аб’ектныя адносіны; ужываецца для ўказання на асобу ці прадмет, якія замяшчаюцца іншай асобай ці прадметам. Прыхаджане ссыпалі [у каробку і мяхі] плату за ачышчэнне ад грахоў, узамен чаго атрымоўвалі квіткі. Крапіва.
уза́пар, прысл.
Разм. Тое, што і запар. Колькі дзён узапар сеяў ціхі, цёплы дожджык. Даніленка. Тры чырвоныя ракеты — адна за другой узапар — узвіліся ў хмарнае асенняе неба. Навуменка.
узапхну́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Дзеепрым. зал. пр. ад узапхнуць.
узапхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм.
1. Пхаючы, падняць наверх. Узапхнуць воз па ўзгорак. Узапхнуць чамадан на верхнюю палку.
2. З цяжкасцю надзець, нацягнуць што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узапхнуў боты на ногі. // Надзець наспех які‑н. абутак. Узапхнуў сандалі і бягом на вуліцу.
3. Узваліць працу на каго‑н. — Ты паслухай, паслухай, што на нас гэты, гэты... узапхнуць хоча! — .. бацька гнеўна павярнуўся ўжо да Улі. Паўлаў.
узара́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узараць.
узара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.
Апрацаваць зямлю плугам. Узараць цаліну. Узараць папар. □ Год за годам людзі адбудаваліся, узаралі задзірванелыя палі. Дуброўскі.
узарва́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узарваць.