апо́лвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да аполваць.
апо́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апалоць.
апо́лец, ‑льца, м.
Абл. Вялікі кавалак свінога сала, які атрымліваецца пры разбіранні тушы. Энзэ і сапраўды грунтоўны, — аполец сала, бохан хлеба, пара каўбас, з кошык бульбы і яблыкі. Брыль.
апо́лкавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з аполкаў. [Мікуць] заехаў пад самы аполкавы хлеў, дзе было гаспадарчае прыладдзе. Чорны.
апо́мніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Апрытомнець. Доўга ляжала Гэлька на беразе паміж высокай травы і пахучых лугавых кветак, пакуль апомнілася і адпачыла. Чарот.
2. Прыйсці ў стан цвярозай развагі пасля моцнага душэўнага ўзрушэння. [Люба] не магла адразу апомніцца, такое.. з’яўленне [Стафанковіча] сюды было нечаканае і дзіўнае. Чорны.
3. Зразумеўшы памылковасць сваіх паводзін, адмовіцца ад іх; абдумацца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.
апо́на, ‑ы, ж.
Тое, чым накрываюць (апінаюць) што‑н. Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца. Караткевіч. // Тое, што ахутвае, ахінае з усіх бакоў. Праз шараватую апону вільготнай смугі прабіваецца сонца, асвятляючы абрысы вялікага горада. Лужанін.
апо́ра, ‑ы, ж.
1. Тое, на што апіраюцца. на што можна абаперціся. [Мірон і Віктар] чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Маўр. // перан. Тое, што бяруць як зыходны пункт; тое, што з’яўляецца асновай чаго‑н. Вопыт папярэднікаў — апора для далейшых даследаванняў. «Полымя».
2. Частка збудавання, на якую апіраюцца іншыя часткі і якая служыць для іх асновай. Плошча апоры.
3. перан. Сіла, якая падтрымлівае каго‑н., садзейнічае ўмацаванню чаго‑н. У працы, ва ўсведамленні сябе галоўнай фігурай жыцця знаходзіць лірычны герой духоўную і матэрыяльную апору свайго існавання. Навуменка. Савецкі Саюз — магутная апора ў барацьбе за далейшае ўмацаванне пазіцый сацыялізма. «Звязда». // Падтрымка, дапамога; той, хто аказвае іх. Галоўнай.. апорай.. былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Бядуля. Ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў.. [Пракоп] апоры ў сваіх адносінах да калгаса. Колас.
апо́ркі, ‑каў; адз. апорак, ‑рка, м.
Старыя боты з адрэзанымі халявамі. Апоркі, аб якіх ішла размова, былі бязлітасна разбітыя і зношаныя. Якімовіч.
апо́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да апоры (у 1, 2 знач.). Апорная база. Апорны пункт. □ Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Які з’яўляецца апорай (у 2 знач.). [Косця:] — Калі вось гэтыя апорныя калоны ўстаноўлены, можна адразу ставіць на іх раму. Шыцік.
апо́рт, ‑у, М ‑рце, м.
1. Сорт зімовай яблыні, на якой растуць буйныя чырванабокія яблыкі.
2. Плод гэтай яблыні.