узаемаўзбагачэ́нне, ‑я, н.
Узаемнае ўзбагачэнне. Мастацкія пераклады, як паказвае практыка Янкі Купалы, верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.
узаемаўзго́дненасць, ‑і, ж.
Уласцівасць узаемаўзгодненага. Узаемаўзгодненасць планаў.
узаемаўзго́днены, ‑ая, ‑ае.
Узгоднены паміж дагаворнымі бакамі.
узаемаўплы́ў, ‑лыву, м.
Уплыў, які адбываецца ўзаемна паміж якімі‑н. з’явамі або людзьмі. У XIX ст. узаемаўплыў розных гаворак быў вельмі слабым, па сутнасці яшчэ не было ўмоў, каб якая-небудзь гаворка стала вядучай пры ўтварэнні літаратурнай мовы. Гіст. бел. літ. мовы.
узае́мнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць узаемнага. // Узаемнае пачуццё (сімпатыі, дружбы, кахання і пад.). Гаснулі ў вокнах агеньчыкі. Стасіку здавалася, што гэта гаснуць у яго душы пробліскі светлых надзей на ўзаемнасць Ганусі. Няхай.
узае́мны, ‑ая, ‑ае.
Які праяўляецца ў адносінах адзін да аднаго. Узаемная дапамога. Узаемны ўплыў. Узаемнае давер’е. □ Васіль .. не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. Узаемная прыязнь, правераная і загартованая ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль.
узакане́нне, ‑я, н.
Уст. Пастанова, распараджэнне ўрада, якое мае сілу закона. Зборнік узаканенняў.
узако́ненне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узаконьваць — узаконіць.
узако́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узаконіць.
2. у знач. прым. Устаноўлены, вызначаны якім‑н. законам, пастановай. Я лаўлю [рыбу] ўзаконеным метадам, — сказаў Вярстоўскі. Гаўрылкін. Не любіў і не паважаў [Фокін] аўтарытэтаў, апрача свайго, а ўзаконеныя правілы і распараджэнні лічыў, што яны пісаліся не для яго. Машара. // Які стаў звычайным, перастаў хваляваць, звяртаць на сябе ўвагу. [Дзядзька Міша:] — Гэта не гульня, не спорт,.. а .. узаконенае калецтва! Паслядовіч.
узако́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Надаць чаму‑н. законную сілу, зацвердзіць, аформіць у адпаведнасці з законам. Узаконіць шлюб. // Увесці ва ўжытак на правах агульнага прызнання; даць чаму‑н. правы грамадзянства. Крытык павінен уявіць сабе сувязь паміж адзінкавым выпадкам і агульнымі рысамі жыцця, зразумець сэнс пэўнага выпадку, вытлумачыць яго прычыны, узаконіць яго існаванне. Юрэвіч.