пуцепад’ёмнік, ‑а, м.
Спец. Перасоўная машына або спецыяльнае ўстройства для пад’ёму рэйкашпальнай рашоткі пры рамонце чыгуначнай ці трамвайнай каляі.
пуцеправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Мост, які праходзіць над дарогай або скрыжаваннем дарог. Бетонная стужка дарогі доўга нырала пад мастамі і пуцеправодамі, пакуль не схавалася ў густых зарасніках акацый. «Маладосць».
пуцеўкла́дачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для пуцеўкладкі. Пуцеўкладачная машына.
пуцеўкла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Укладка рэйкавага пуці.
пуцеўкла́дчык, ‑а, м.
Машына для ўкладкі і зняцця рэек.
пуцёўка, ‑і, ДМ ‑цёўцы; Р мн. ‑цёвак; ж.
1. Афіцыйнае пасведчанне, якое выдаецца асобе пры накіраванні куды‑н. (у санаторый, дом адпачынку, новабудоўлю і пад.). Турысцкая пуцёўка. Камсамольская пуцёўка. □ У чэрвені, пасля здачы экзаменаў, Косця атрымаў пуцёўку на курорт і паехаў на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Карпюк.
2. Лісток у вадзіцеляў транспарту, у якім указваецца маршрут і заданне. Якаў паказаў пуцёўку, потым шафёрскае пасведчанне. Кулакоўскі.
•••
Пуцёўка ў жыццё — а) веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю; б) тое, што сведчыць аб прыгоднасці чаго‑н. да выкарыстання. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Колас.
пуці́на, ‑ы, ж.
1. Спец. Сезон масавай лоўлі рыбы. Зімовая пуціна. □ Адкрытая вада, навігацыя, лоўля рыбы з адкрытай вады — для рыбака змяшчаецца ў адным ёмкім слове — пуціна. «Маладосць».
2. Паэт. Тое, што і пуцявіна. Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць. Жылка. Усе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны. Колас. Кожны з вядучых пісьменнікаў ішоў тут — у залежнасці ад уласнага таленту — рознымі пуцінамі. Лойка.
пуці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Сорт яблыні, якая дае зялёныя кісла-салодкія яблыкі.
2. Плод гэтай яблыні. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка.
пуць, ‑і, м.
Чыгуначная або трамвайная каляя. Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў. Доўгімі саставамі запруджаны ўсе станцыйныя пуці, эшалоны стаяць і на падыходзе да станцыі. Навуменка.
пуцяві́к, ‑цевіка, м.
Разм. Тое, што і пуцеец. Гурткоўцы пачалі звяртацца да .. [Пеці] як да галоўнага пуцевіка малой школьнай чыгункі. Шыловіч.