Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.

1. Злёгку абмыць. [Бабка] унуку і ваду на рукі палівае, і кажа, каб хоць шыю сабе апаласкаў, бо яна ад загару і пылу стала чорная як зямля. Пестрак.

2. перан. Абгаварыць каго‑н. [Вашыновіч:] — У нас народ такі. Дзе што якое пачуюць, дык.. як паднімуць гаворку. Усіх па костачках разбяруць, усіх апалошчуць. Чорны.

апаласну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апаласнуць.

апаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Злёгку абмыцца. [Маргарыта:] — Дайце я яго [Барыса] з дарогі трохі да ладу прывяду. Хадзем, хоць апаласніся. Скрыган.

апаласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Злёгку абдаўшы вадою, абмыць. Адчувалася патрэба асвяжыцца, падтрымаць абяссілеўшае за бяссонную ноч стомленае цела, апаласнуць пачырванеўшыя ад зморы вочы. Колас. Я ўжо не памятаў, як на скорую апаласнуў боты і адным духам выскачыў на бераг. Ракітны.

апала́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Правеяць, ачысціць ад мякіны крупы, збажыну пры дапамозе апалушак.

апа́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апаліць.

апа́ліна, ‑ы, ж.

Тое, што і абпаліна.

апаліты́зм, ‑у, м.

Тое, што і апалітычнасць.

апаліты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць апалітычнага; ухіленне ад ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці.

апаліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які стаіць убаку ад грамадска-палітычнага жыцця або ўхіляецца ад ўдзелу ў ім. [Маргун] пачакаў, пакуль выйдзе Шаевіч, і ўзяўся даваць мне праборку: — Бачыш, беспартыйны, апалітычны чалавек, а робіць тое, што трэба. Сабаленка.