прыгаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыгарадзіць.
пры́гаршчы, ‑аў; адз. няма.
1. Абедзве далоні з прыгнутымі пальцамі, складзеныя так, каб імі можна было што‑н. набраць, зачэрпаць, трымаць і пад. Падставіць прыгаршчы. □ Чалавек супакоіўся, дастаў папяросу і, хаваючы запалку ў прыгаршчы, прыкурыў. Крапіва. Памыўшыся, .. [Іван] набраў у прыгаршчы вады і здалёк размашыста пырснуў на .. [Джулію]. Быкаў.
2. Колькасць чаго‑н., якая ўмяшчаецца або можа ўмясціцца ў складзеныя такім чынам далоні. Хто квас ім [салдатам] падносіў, Хто прыгаршчы ягад, — Прагнаць неадступную Летнюю смагу. Танк. [Волька] выграбла ямку на ўзгорку, узяла ў анучку з прыгаршчы зямлі і пайшла адтуль напрасткі ў МТС да агранома. Кулакоўскі. Васіль Хамутоўскі схапіў з-пад лавы торбачку і... рукі яго бяссільна апусціліся. Мукі заставалася прыгаршчаў двое, не больш. Курто.
прыгарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які прыгарэў, падпаліўся. — У цябе ж тут ліха ведае што! — аддзіраючы ад патэльні прыгарэлыя скваркі, бурчаў Мікіта. Стаховіч.
прыгарэ́ць, ‑рыць; зак.
1. Трохі абгарэць, абвугліцца (пра што‑н. печанае, смажанае); падпаліцца. Бульба прыгарэла. Блін прыгарэў. // Падгарэўшы, пачаць пахнуць дымам, гарам. Малако прыгарэла. // Прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. (пры варцы, кіпячэнні і пад.). Каша прыгарэла да гаршка.
2. Спец. Прыстаць да чаго‑н. (пры апрацоўцы агнём). Шлак прыгарэў да рашоткі.
прыга́слы, ‑ая, ‑ае.
Які прыгас, прытух. Безліч агеньчыкаў стала па краях прыгаслага шырачэзнага вогнішча. Кулакоўскі.
прыга́снуць, ‑не; зак.
Разм. Паслабець, зменшыцца (пра полымя, святло і пад.).
прыгатава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыгатаваць.
прыгатава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыгатаваць.
прыгатава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм. Стаць гатовым да чаго‑н. [Лявон:] Што я маруджу? Трэба ісці хутчэй.. прыгатавацца ў вялікую вандроўку! Купала.