Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыга́р, ‑у, м.

Абл. Прысмак, пах дыму або гару. А вецер з душой непрыкаянай Еў вочы прыгарам горкім. Звонак.

прыга́р, ‑а, м.

Спец. Тое, што прыстала, прыгарэла да паверхні чаго‑н. (у час апрацоўкі агнём). Дэталь з прыгарам. Адліўка без прыгара.

пры́гарад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Населены пункт, размешчаны паблізу вялікага горада, побач з горадам. Прыгарады Мінска. □ Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі. Шамякін. Справа і злева зазелянелі садзікі, у якіх туліліся невялікія дамы прыгарада. Корбан.

2. У старажытнай Русі — горад, пасяленне, якія адміністрацыйна і эканамічна падпарадкоўваюцца другому, больш буйнаму гораду. Прыгарады Вялікага Ноўгарада.

прыгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Абгарадзіўшы, далучыць да чаго‑н. Прыгарадзіць участак зямлі да двара. Прыгарадзіць дзялянку да саду.

пры́гарадны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыгарада; знаходзіцца ў прыгарадзе. Прыгарадныя жыхары. Прыгарадны завод. Прыгарадны раён. // Які знаходзіцца паблізу горада. Прыгарадны лес. Прыгарадная зона. □ Пачалася аблава па ўсім гарадку і па прыгарадных вёсках. Чорны.

2. Які мае адносіны да транспартных зносін паміж горадам і прыгарадам. Прыгарадныя касы. Прыгарадны поезд.

прыгара́ць, ‑ае.

Незак. да прыгарэць.

прыга́рваць, ‑ае.

Незак. да прыгарэць.

прыга́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Падгарэлае месца на чым‑н. печаным, смажаным, вараным (у печы, духоўцы). Прыгарка на кашы. Бульба з прыгаркамі.

2. Спец. Тое, што прыстала, прыгарэла да паверхні чаго‑н. (у час апрацоўкі агнём); прыгар.

прыгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

З ласкаю, пяшчотай прытуліцца да каго‑н. Я ўзяў на рукі маленькую Верачку.., прыгарнуўся шчакой да поўнай, ружовай шчочкі.. дзяўчынкі. Брыль. — Не ведаю, не ведаю, любы, — сказала.. [Алена] і прыгарнулася блізенька-блізенька да Івана. Сабаленка. // перан. Разм. Прыблізіцца, прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. Можа да калгаса прыгарнуся. Я на ўсе рукі, браток, майстар. Грамовіч.

прыгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак.

1. што. Прыгрэбці, наблізіць да чаго‑н., сабраць каля чаго‑н. Прыгарнуць жар у печы да чыгуноў. □ А яны [дружбакі] ляжаць маўкліва, Быццам моцным сном заснулі, І зямлю з травою разам Пад галовы прыгарнулі. Калачынскі. // чым. Прыкрыць, прысылаць чым‑н. Прыгарнуць зямлёй карэнне. □ Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. П. Ткачоў.

2. каго. З ласкаю, пяшчотаю прытуліць да сябе. Дубіцкі адной рукой прыгарнуў .. [жонку] да сябе, другой гладзіў яе валасы. Чарнышэвіч. Сарамліва .. [Марына] падышла да бацькі, і ён, прыгнуўшыся, прыгарнуў яе да сваіх грудзей. Чорны. Ніна смяецца. А мне так хочацца ўзяць яе на рукі, прыгарнуць, сказаць: «Ах, як добра, што ты будзеш жыць!..» Брыль. // перан. Аднесціся да каго‑н. добразычліва, спагадліва. — Для каго ж мы .. [Полю] гадавалі? Падабралі, прыгарнулі, прынялі ў сям’ю, як родную. Арочка. Можа, яшчэ хто з іх [суседзяў] прыйдзе дамоў, Каб паглядзець на прасторы палёў,.. Каб запытаць у сваіх у сірот, Як прытуліў, прыгарнуў іх народ. Танк. // перан. Прыблізіць, далучыць да сябе. Новага чалавека ў звяне стараліся прыгарнуць к сабе, спагадліва вучылі кожнай дробязі ў працы. Ермаловіч.

3. перан.; што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць. — Канешне, мала табе — ты яшчэ і Едкавага [дабра] прыгарнуў! Скрыган. Ці тыя людзі ўсе паснулі, Якім зямелька трэба пільна?.. Ой, каб яна была прыхільна, Яе б даўно ўжо прыгарнулі. Колас.

прыгаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгарадзіць.