Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прывуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прывучыцца.

2. Зал. да прывучаць.

прывуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прывучыць.

прыву́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прывучыцца.

2. Зал. да прывучваць.

прыву́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прывучыць.

прывучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

Выпрацаваць у сябе якую‑н. звычку, навык да чаго‑н. Прывучыцца да акуратнасці. □ — Не бачыш, я займаюся трэніроўкай. Хачу прывучыцца, каб галава не кружылася. Гамолка.

прывучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

Прымусіць прывыкнуць, прызвычаіцца да каго‑, чаго‑н. [Каня] усё-ткі Нічыпар прывучыў, быў не такі хлопец, каб адступіцца. Мележ. Употай ад маці Ліда прывучыла карову да ярма. Паслядовіч. // Выпрацаваць якую‑н. звычку, навык да пэўнай работы, занятку і пад. Прывучыць да працы. Прывучыць да цярплівасці. □ Паляўнічыя прывучылі .. [сабачку] не псаваць здабычу, а цэлай прыносіць у рукі. Лынькоў. Змалку прывучыў .. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны.

прывыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прывыкнуць.

•••

Не прывыкаць — аб тым, што ўжо стала звычайным, прывычным. [Янка:] — Рабіць мне не прывыкаць. Якімовіч.

прывы́клы, ‑ая, ‑ае.

Які прывык да чаго‑н., мае прывычку да чаго‑н. Праўда, назваць гэта «зацішшам» мог толькі хіба такі цярплівы, прывыклы да бою воін, як Шчарбацюк. Мележ. Прывыклае да цішыні вуха ўлавіла частае тупанне мноства ног. Пташнікаў.

прывы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прывык, ‑ла; зак.

1. Набыць прывычку да чаго‑н.; прывучыцца рабіць што‑н. Прывыкнуць да працы. □ Відаць было, што гэтыя стварэнні [малпы] прывыклі ўжо рабіць рукамі разнастайныя рухі. Маўр. Яго ўсе прывыклі клікаць — Ладымер Паляруш. Чорны. — Абручоў то хопіць, а клёпкі трэба рыхтаваць. — Гутарыць сам-насам .. [бондар] прывык даўно. Чарнышэвіч. // Засвоіць што‑н. як абавязковае, звычайнае. З даўніх год ён прывык да таго, што гаспадаркай займаецца жонка. Бядуля. Рамантык, чалавек адкрытай душы, Алік змалку прывык бачыць у людзях толькі прыгожае, добрае. Дадзіёмаў.

2. Асвоіцца, асвойтацца з кім‑, чым‑н. Першы раз .. [качка] спалохалася, узляцела, а потым прывыкла да Мікіткі. П. Ткачоў. Паступова Якаў прывык да сваёй машыны, стаў добра на ёй ездзіць, толькі даглядаць не надта любіў. Кулакоўскі. Спачатку Саша палохалася [начных птушак], нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі. Шамякін. // Адчуць сімпатыю, прывязацца да каго‑н. Хлопцы так прывыклі да ветлівай бабулькі, што вельмі часта наведвалі яе. Чарнышэвіч. Выправіўшы Міколу, дзед Лукаш моцна засумаваў. Ён прывык да яго, як да роднага сына. Якімовіч.

прывы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Засвоеная на працягу часу схільнасць, манера паводзін, дзеянняў, якая стала звычайнай, пастаяннай. Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Гэтую прывычку набыў ён за час свайго вандроўніцтва. Колас. [Тапурыя:] — Ты пакінь сваю дрэнную прывычку лезці ў размову, калі гаворыць старэйшы за цябе. Самуйлёнак. // Уменне, набытае вопытам, практыкай. Бач, паэму напісаць Цяжкавата без прывычкі... Крапіва. [Васіль:] — Давай руку, бо тут без прывычкі ногі паламаць можна. Шамякін. // Звычай; звычайны спосаб дзеянняў. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.