Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маля́рык, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які хварэе на малярыю.

маляры́я, ‑і, ж.

Інфекцыйнае захворванне, для якога характэрны прыступы ліхаманкі (у 1 знач.).

[Іт. malaria.]

маля́ўка, ‑і, ДМ ‑ляўцы; Р мн. ‑лявак; ж.

1. Маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры; малёк. У мора была запушчана вялікая колькасць малявак розных парод рыб. «Звязда». Чародка малявак нешта вышуквае ў імху, якім абраслі заставы. Корбан.

2. перан. Разм. іран. Пра дзіця або чалавека маленькага росту. Васіль Іванавіч памкнуўся быў пярэчыць .. [Майцы], хацеў нават сурова перапыніць гэтую маляўку. Лынькоў.

маляўні́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць маляўнічага. Па сваіх памерах, па багаццю і разнастайнасці жывёл і раслін, па маляўнічасці краявідаў Белавежская пушча вылучаецца сярод усіх лясоў Еўропы. В. Вольскі.

маляўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Прыгожы, эфектны з пункту погляду мастака. Высеўка падрабязна расказваў нам пра возера Нарач, якое ляжыць у маляўнічай катлавіне. Гурскі. Парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць .. чалавека. Колас.

ма́ма, ‑ы, ж.

Тое, што і маці (у 1 знач.) (звычайна пры звароце або ў гутарцы дзяцей аб ёй). — Што новага ў сяле, мама, як ты тут жыла? — спытаў Мікола. Краўчанка. Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед, бо самой маме не было часу. Колас.

мама́еў, ‑маева.

У выразах: Мамаева нашэсце гл. нашэсце. Мамаева пабоішча гл. пабоішча.

мамалы́га, ‑і, ДМ ‑лызе, ж.

Каша з кукурузнай мукі. Жыве дагэтуль [у памяці Алеся] моцны і радасны пах гарачай мамалыгі, якую ён, усемагутны брат, спрытна накройвае ніткай. Брыль.

[Рум. mămăligă.]

ма́мант, ‑а, М ‑нце, м.

Жывёліна ледавіковага перыяду з доўгай шэрсцю і вялікімі біўнямі, падобная на слана.

ма́мантавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маманта, належыць яму. Мамантавы бівень.